Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фанта́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фантаст.

фанта́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Штосьці неверагоднае, створанае ва ўяўленні. А ноч спускаецца ніжэй і ніжэй на снегавыя абшары, і ўсё наўкол пачынае прымаць воблік невыразнай фантастыкі. Лынькоў. // Паказ з’яў, якія не існуюць у рэчаіснасці; казачная аснова ў творах мастацтва. Спецыфічная ж асаблівасць народнай казкі — фантастыка, выдумка. Чыгрын. // зб. Разм. Літаратурныя творы, у якіх апісаны з’явы і падзеі ў перабольшаным і звышнатуральным выглядзе. Фантастыка Гофмана. Аддзел навуковай фантастыкі ў бібліятэцы.

2. Нешта нерэальнае, нездзяйсняльнае. Узяць білеты на касмічны лайнер І паляцець у госці к марсіянам... Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі.

[Ад грэч. phantastikē — здольнасць уяўляць.]

фантасты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фантастычнага; наяўнасці, фантастыкі ў чым‑н. У паляўнічых шмат бывае прыгод, пра якія яны вельмі любяць расказваць. Часамі яны Заводзяць свой расказ да фантастычнасці. Ляўданскі.

фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей. Чорны. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін. Бядуля. Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты. Якімовіч. Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы. Асіпенка.

2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі. «Маладосць».

3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай. Гаўрылкін. У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю. Карпюк.

4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Колас. Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад. Шыцік. Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом. Новікаў. Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд. «Маладосць».

5. Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка. Шахавец.

фанто́м, ‑а, м.

1. Кніжн. Прывід, здань.

2. Спец. Мадэль цела або яго часткі ў натуральную велічыню, якая служыць наглядным дапаможнікам.

[Фр. fantôme ад грэч. phantasma — прывід, здань.]

фанто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фантома.

2. Спец. Уяўны, несапраўдны.

3. Спец. Штучна створаны, папярэдне не прадугледжаны. Фантомная схема ўключэння.

•••

Фантомны боль — адчуванне болю ў неіснуючых пасля ампутацыі канечнасцях.

фанфа́ра, ‑ы, ж.

1. Медны духавы музычны інструмент у выглядзе падоўжанай трубы без вентыляў (у 2 знач.).

2. Сігнал урачыстага характару, які падаецца гэтым інструментам і абвяшчае аб пачатку ўрачыстасцей.

•••

Трубіць у фанфары гл. трубіць.

[Іт. fanfara.]

фанфа́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фанфары; які выконваецца фанфарай. Фанфарны марш.

фанфаро́н, ‑а, м.

Разм. Самахвал, хвалько, выхваляка.

фанфаро́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Быць фанфаронам, хваліцца, выхваляцца.