фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей. Чорны. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін. Бядуля. Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты. Якімовіч. Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы. Асіпенка.
2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі. «Маладосць».
3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай. Гаўрылкін. У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю. Карпюк.
4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Колас. Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад. Шыцік. Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом. Новікаў. Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд. «Маладосць».
5. Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)