турысты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турызму. Турыстычныя паходы. Турыстычнае бюро. Турыстычны часопіс.
туры́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турыста, турыстаў. Турысцкая база. □ Сцяпан купіў турысцкую пуцёўку і падаўся .. да берагоў Чорнага мора. Радкевіч. Наша турысцкая група зрабіла ўжо немалы шлях па краіне, наведала многа вялікіх і малых гарадоў, і ў кожнага з нас было што ўспомніць і аб чым падумаць. Краўчанка.
туры́ха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.
Самка тура.
туры́ць, туру, турыш, турыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Гнаць, праганяць. Дружна хлопцы тураць Ворага за Тураў. Пушча. Два дыпломы, два значкі — Два закончыў інстытуты. Працаваць жа спец такі Лічыць горшаю пакутай. Дзе б ён толькі ні рабіў — Адусюль мятлою тураць. Маеўскі. // Паганяць, падганяць. — Я каня гэтак турыў, гнаў гэтак, — гаварыў маладзейшы [хлопец], з нейкаю як бы крыўдаю ў голасе. Чорны.
2. Несці, везці што‑н. вельмі грузнае, грувасткае. Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць. Крапіва.
турыя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Спартыўнае спаборніцтва атрадаў турыстаў. На рэспубліканскай турыядзе разыграны кубкі ў разрадах пешаходнага, воднага і велатурызму.
турэ́ль, ‑і, ж.
Прыстасаванне для ўстаноўкі і кругавога вярчэння пушкі або кулямёта на ваенных самалётах, караблях, танках і пад. З пярэдняй машыны даў .. чаргу кулямёт, пастаўлены на турэль. Сабаленка.
[Фр. tourelle.]
турэ́льны, ‑ая, ‑ае.
Забяспечаны турэллю, усталяваны на турэлі. Турэльны кулямёт.
турэ́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турмы. Турэмныя сцены. □ У многіх [катаржан] на плячах зношаныя і падраныя турэмныя халаты, у другіх так-сяк пасшываныя кавалкі старых, парыжэлых аўчын, напамінанне пра былыя кажухі. Галавач. // Які абслугоўвае турму, працуе ў ёй. Спатканні звычайна адбывалася ў прысутнасці турэмнай варты. Колас. // Уласцівы турме, характэрны для турмы. Адзінай формай .. зносін [Каладкевіча і Паліванава] быў турэмны тэлеграф — перастук цераз сцяну. Мехаў. // Звязаны з турмой, са знаходжаннем у турме. Турэмныя творы Таўлая — жывы, хвалюючы дзённік рэвалюцыянера-камуніста з белапольскага астрога. Клышка. Арыштаваны быў і асуджан на доўгія гады турэмнага зняволення таксама і Вальтэр. Анісаў.
турэ́мшчык, ‑а, м.
Наглядчык у турме. Нявідны апынуўся ў круглай, маленькай камеры .. Турэмшчыкі выйшлі. Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся. Колас.