Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сто́рна, нескл., н.

Спец. Запіс у бухгалтарскіх кнігах, які выпраўляе папярэдні памылковы запіс.

[Ад іт. storno — перавод рахунку.]

сторублёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Вартасцю, коштам у сто рублёў. Сторублёвы касцюм.

2. Сумай, размерам у сто рублёў. Сторублёвая прэмія.

сторублёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Разм. Грашовы знак вартасцю ў сто рублёў. Сцяпанкіна разгарнула .. [паперку] і вачам не паверыла. Гэта была сторублёўка. Кавалёў.

сто́рцінг, ‑а, м.

Парламент Нарвегіі.

[Нарв. storting.]

сторч, прысл.

Абл. Старчма, галавою ўніз. [Галіна] ўламалася пад .. [дзедам], і ён паляцеў сторч галавою. Сабаленка.

стос і стус, ‑а, м.

1. Роўна зложаныя адзін на адзін рады чаго‑н.; штабель. Стос дошак. □ Парканы, хаты, стусы бярвенняў на вуліцы перад дварамі — усё набывала новае, незнаёмае аблічча, загадкава-прыгожае і прывабнае. Навуменка.

2. Пакладзеныя слаямі адзін на адзін якія‑н. прадметы. Стос кніг. Стос пісем. □ На зэдліку каля прыпека ляжаў стос жоўтых бліноў і пачаты кружок авечага лою. Дуброўскі. Апейка кінуў позіркам на стус газет, складзеных ускрай стала. Мележ. / у знач. прысл. сто́сам (сту́сам). Стосам ляжаць побач настольныя цыраты. Пестрак. І фарба друкарская ёсць, І стусам паперу наклалі. Зарыцкі.

стосве́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае сілу святла ў сто свечак. Стосвечкавая лямпа.

сто́сік і сту́сік, ‑а, м.

Памянш. да стос (стус); невялікі стос (стус). На паліцах стаялі запыленыя кнігі, на пісьмовым стале — стосік часопісаў за мінулы год і за палавіну гэтага. Гаўрылкін.

стосі́льны, ‑ая, ‑ае.

Магутнасцю, роўнай ста конскім сілам. Стосільны трактар.

стоты́сячны, ‑ая, ‑ае.

1. Які налічвае сто тысяч якіх‑н. адзінак (рублёў, кіламетраў, экземпляраў і пад.). Стотысячны тыраж.

2. Які складаецца з ста тысяч якіх‑н. адзінак. Два гады астрогу, адседжаныя бацькам за ўдзел у стотысячнай Грамадзе, — ён быў касірам ганчароўскага гуртка, — нагналі .. [маці], здаецца, страху на ўсё жыццё. Брыль.