Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мяня́льшчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і мяняла.

мяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Рабіць узаемны абмен; абменьвацца. Мяняцца кнігамі. Мяняцца месцамі. □ — Гэй, — кажа пан вазаку, — давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго. Якімовіч.

2. Замяшчаць адзін аднаго; зменьвацца. Два разы за ноч Васіль з Андрэем мяняліся на дзяжурстве. Скрыпка.

3. Рабіцца іншым; зменьвацца. Кажуць, чалавек можа мяняцца абліччам, характарам, але голас у яго ніколі не мяняецца. Скрыган. Надвор’е сапраўды мянялася. Спачатку ў паветры, быццам шэрыя матылі, закружыліся асобныя сняжынкі. Мокры снег гусцеў і гусцеў, і нарэшце.. халепа запаланіла ўсё навокал. Шчарбатаў. У залежнасці ад характару падзей мяняўся і тон дзедавага апавядання. Колас.

4. Зал. да мяняць.

•••

Мяняцца з твару — набываць іншы выгляд (пад уплывам перажыванняў, пачуццяў і пад.).

мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.

2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.

3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.

4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.

мярзло́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да мерзлаты. Мярзлотны стан. // Звязаны з вывучэннем мерзлаты. Мярзлотная станцыя.

мярзля́к, мерзляка, м.

Разм. Чалавек, вельмі адчувальны да холаду, марозу.

мярзля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да мярзляк.

мярзо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.

Разм. Тое, што выклікае агіду; подласць, погань. — Не, я такую мярзоту пісаць не буду! — рашуча засупярэчыў Сярожа. Новікаў.

мярзо́тнік, ‑а, м.

Разм. Мярзотны, подлы чалавек; нягоднік. [Лясніцкі:] — Ваш стараста — здраднік. Суровая рука народа павінна знішчаць такіх мярзотнікаў. Шамякін.

мярзо́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі агідны, паганы; подлы. Мярзотнае стварэнне. Мярзотная лаянка. □ У глыбіні душы.. [Люба] адчувала, што адбылося нешта непапраўнае і па сваёй сутнасці агіднае, мярзотнае. Лынькоў. [Патоцкі] не задумваецца ў выбары сродкаў для дасягнення сваіх мярзотных мэт. Шкраба.

мярцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Страчваць прыкметы жывога, станавіцца мёртвым. Мярцвее твар хворага. // Траціць рухомасць, адчувальнасць; нямець. Мярцвець ад холаду. Мярцвець ад жаху. □ Падкошваліся ногі,.. было горача, як ля агню, і мярцвелі рукі. Пташнікаў.

2. перан. Рабіцца пустынным, змярцвелым. Мярцвее наваколле.