мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.

2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.

3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.

4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)