атлумі́ць, атлумлю, атлуміш, атлуміць; зак., чаго-што.
Разм. Затуманіць шумам, крыкам; адурманіць; збіць з толку, з тропу, з панталыку. Атлуміць галаву.
атлу́млены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад атлуміць.
2. у знач. прым. Даведзены крыкам, шумам, мітуснёю да адурэння, выбіты з нармальнага стану.
атлусце́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан атлусцелага.
атлусце́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў прыкметна тлустым. Яны [Язэп і Гальяш] стаялі побач. Здаравенныя, з фальварковымі атлусцелымі мордамі. Караткевіч.
атлусце́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. атлусцець.
атлусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць прыкметна тлустым, разбыцца.
атмасфе́ра, ‑ы, ж.
1. толькі адз. Газападобная абалонка Зямлі і некаторых іншых планет. Высокія слаі зямной атмасферы.
2. толькі адз. Паветра. [Пранук:] — Колькі дзён дажджы ішлі. Вільгаці багата ў атмасферы. Лынькоў.
3. Адзінка вымярэння ціску. Ціск больш за сто атмасфер.
4. Спец. Газ ці сумесь газаў, прызначаныя для правядзення ў іх асяроддзі якіх‑н. дзеянняў. Зварка ў атмасферы вадароду. Атмасфера кабіны касмічнага карабля.
5. перан. Навакольнае асяроддзе, абставіны. Атмасфера ідэйнай барацьбы. Атмасфера давер’я. Атмасфера павагі да чалавека працы. Атмасфера працоўнага ўздыму. □ Усе гэтыя клопаты і справы адганялі думкі ад хваробы, уносілі ў невялічкую леснічоўку.. дух змагання, атмасферу баявога напружанага жыцця. Лынькоў.
[Ад грэч. atmos — дыханне і sphaira — шар.]
•••
Атмасфера згушчаецца — пра ўзнікненне напружанага становішча, абставін.
Разрадзіць атмасферу — паслабіць напружанне ў якіх‑н. абставінах.
атмасфе́рны, ‑ая, ‑ае.
Які маецца ў атмасферы. Атмасферны азот. // Які адбываецца ў атмасферы, утвараецца ў ёй. Атмасферная электрычнасць. Атмасферныя ападкі. // Уласцівы атмасферы. Атмасферны ціск.
ато́есніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Кніжн. Прызнаць тоесным з чым‑н.
ато́жылак, ‑лка, м.
1. Малады парастак расліны. Каранёвы атожылак. Вішнёвыя атожылкі. □ Дрэвы так раскупчасціліся атожылкамі і шырокімі лапушнымі лістамі, што цяжка было знізу разглядзець, што робіцца на верхавіне. Вітка. А недзе ў шафе — пахавальны ліст — Яе ўдаўства мандат бестэрміновы... І зноў з пупышкі выбухае ліст — Атожылак вясновае абновы. Макаль.
2. Адгалінаванне руданоснай жылы.
3. перан. Нашчадак, патомак. Сыны ўзмужнелі, унукі падраслі — Атожылкі няскоранай дубровы. Жычка.