стро́пальшчык, ‑а, м.
Рабочы, які абслугоўвае строп 1 (у 2 знач.). Затаіў Жорка крыўду на свайго стропальшчыка Роберта. Ну, напарніка свайго, які стаіць унізе і чапляе на кран грузы. Беразняк.
стро́фіка, ‑і, ДМ ‑фіцы, ж.
1. Раздзел паэтыкі, які вывучае віды, будову строф. Перад намі — тыповы ўзор уласцівай для паэта [Максіма Багдановіча] строфікі і, здавалася б, проста непераўзыдзенай гармоніі і рытмікі яго верша. Майхровіч.
2. Дзяленне вершаванага твора на строфы. Строфіка вершаў Янкі Купалы.
стро́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад страчыць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Прышыты строчкай. Страчаныя кішэні.
3. у знач. прым. Вышыты строчкай; выстрачаны. Строчаны настольнік.
стро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Суцэльнае шво на паверхні тканіны, скуры і пад. Марыя шыла — вяла дробненькую строчку на рубчыку, Платон глядзеў на яе прыгожыя рукі. Пестрак.
стро́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад страсціць.
2. у знач. прым. Звіты, скручаны разам. Строшчаныя ніткі.
струбі́ць, струблю, струбіш, струбіць; зак., што.
Разм.
1. Прагна з’есці (у вялікай колькасці). [Алесь Чыгунок:] — Як зарэжаш, стары, цялушку, ды струбіш адзін, як той Шчукар, — ламаніна, канешне, будзе!.. Брыль.
2. Патраціць, перавесці ўсё або вельмі многа. Дапытліва зірнула [Клейна] на бацьку: — Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей. — Не паскупіўся. — Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце — прыходзь да мяне. Караткевіч.
3. Змарнаваць, патраціць (пра час). Дарэмна дзень струбіў.
струг 1, ‑а, м.
1. Інструмент для грубай апрацоўкі драўніны струганнем; агульная назва інструментаў для стругання.
2. Землярыйная машына, якая зразае грунт слаямі пры дапамозе нажа.
струг 2, ‑а, м.
Уст. Драўлянае рачное судна.
струга́ль, ‑я, м.
Разм. Тое, што і стругальшчык.
струга́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для апрацоўкі чаго‑н. струганнем. Стругальная машына. Стругальны станок.
струга́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па апрацоўцы чаго‑н. струганнем.