Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стро́ма 1, ‑ы, ж.

1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.

2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.

стро́ма 2, прысл.

1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.

2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.

стро́місты, ‑ая, ‑ае.

Круты, абрывісты. Стромісты бераг.

стро́мкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стромкага.

стро́мкі, ‑ая, ‑ае.

1. Круты, абрывісты. Заходні бераг — высокі і стромкі — быў вельмі выгадны для абароны. Мележ. У мяне, здаецца, моцна калацілася сэрца, калі я падымаўся па стромкай чыгуннай лесвіцы некуды пад самы дах. Асіпенка. / у перан. ужыв. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Навуменка.

2. Роўны і высокі. На агромністай пасецы-плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін,.. сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Колас. З канца вуліцы, за ракою, дзе адкрываецца шырокі прастор палёў, як вялікі куст стогадовых ліп, абнесены жываплотам з ялін і стромкіх таполяў, відзён быў той самы хутар Тамарын. Лобан.

стро́мы, ‑ая, ‑ае.

Вельмі круты. Скалісты, ззаду асветлены прам[янямі] бераг быў стромы, як сцяна, высокі — больш за дзвесце метраў. Брыль. Рака ўвесь час пятляе, па абодва бакі яе шырокія заліўныя лугі. На заваротах — адзін бераг нізкі, пясчаны, другі — стромы, круты. Сачанка. [Дзеці] павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон. Караткевіч.

стро́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

Прэснаводная рыба сямейства ласасёвых з чырвонымі і чорнымі плямамі, якая водзіцца пераважна ў горных рэчках і азёрах; фарэль. З абрыву крутога Спускаўся [мядзведзь] к вірам, Дзе разгульвае стронга. Калачынскі. [Міша:] — Сямёнаў-Цян-Шанскі адзначае, што ў Беларусі толькі на Навагрудчыне ды на Мінскім узвышшы ў крынічных рачулках захавалася стронга. Ёй патрэбна ледзяная вада. У. Калеснік.

стро́нгавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стронгі.

стро́нцыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім саставе стронцый. Стронцыевае злучэнне.

стро́нцый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, лёгкі серабрыста-белы метал, радыеактыўныя ізатопы якога выкарыстоўваюцца ў тэхніцы і лабараторных работах.

[Лац. strontium.]

строп 1, ‑а, м.

Спец.

1. Канат, трос для падвешвання гандолы да дырыжабля, аэрастата, для ўтрымання чалавека або грузу на парашуце. Ермакоў хутка перарэзаў стропы, якімі, пакунак быў прывязан да парашута, і загадаў несці. Мележ. «Дружа! Ніколі не рабі скараспелых вывадаў!» — паўтарыў .. [Крамнёў] сваю любімую фразу і выпусціў з рук мокрыя стропы парашута. Шашкоў.

2. Прасцейшае прыстасаванне з каната або троса ў выглядзе пятлі, кольца і пад. для падхвату грузу і падвешвання яго па крук пад’ёмнага крана. З вышыні Павел Клімко ўжо ледзь праглядаў не тонкія, тон так дваццаць можна чапляць, стропы вежавага крана. Мыслівец.

строп 2, ‑а, м.

Абл. Стык бакоў страхі. Стаіць толькі адна вялізная, яшчэ бацькава, пуня, пад самы строп напакаваная сенам. Броўка. Пад стропам закапашыліся сонныя вераб’і. Мурашка. Праз усю пярэднюю сцяну цягнецца зашклёная веранда, пасярэдзіне яе — адкрыты ганак з пеўнікам на стропе. Хадкевіч.