фарма́льнасць, ‑і, ж.
1. Фармальныя адносіны да чаго‑н.; праяўленне фармалізму ў чым‑н. Максім ведаў гэтую хітрасць: захоўваць фармальнасць там, дзе можна было б абысціся без яе, і парушаць, дзе выгадна. Машара.
2. Тое, што адлюстроўвае прыняты парадак; тое, што робіцца па традыцыі і не мае істотнага значэння. У памяці Лабановіча засталася апошняя споведзь яшчэ ў а. Мікалая. Гэта была проста фармальнасць. Колас. Для фармальнасці натарыус праверыў пашпарты. Пальчэўскі.
3. звычайна мн. (фарма́льнасці, ‑ей). Знешнія патрабаванне ўмовы, якія выконваюцца пры афармленні чаго‑н. У міліцыі Івана Дамінікавіча ведалі і адразу ж справілі ўсе фармальнасці, звязаныя з яго далейшым бытаваннем у сталіцы. Лужанін. Васіль Пятровіч .. зайшоў да начальніка санпрапускніка, каб уладзіць фармальнасці і атрымаць даведку. Карпаў.
4. Уласцівасць фармальнага (у 5 знач.).
фарма́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да формы (у 3 знач.), абумоўлены формай. Фармальны пачатак у навуцы. Фармальная логіка.
2. Звязаны з формай (у 5 знач.). Можна было б яшчэ многа сказаць пра фармальныя асаблівасці «Безназоўнага». Бярозкін. З найбольшай выразнасцю выявілася .. [творчая манера М. Багдановіча] .. у фармальных пошуках паэта, у тых вершах, якімі ён рабіў класічныя традыцыі майстэрства сусветнай паэзіі здабыткам роднай літаратуры. Лойка. // Які падае галоўнае значэнне форме (у 5 знач.); фармалістычны. Фармальнае наватарства.
3. Зроблены па форме (у 7 знач.); афіцыйны, законны. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, .. рушыў на двор ратушы. Чорны. [Клава:] — Ці зарэгістраваны ты? Калі не, дык гэта не страшна. Фармальнага поваду няма... Асіпенка. [Вэсман:] Калі яго [Азорыча] дзяўчына апазнае І дасць пры пэўных сведках паказанні, Што ён ёй перадаў якіясь весткі, Мы будзем мець фармальную прычыну Вініць палоннага ў шпіянажы. Глебка. // Напісаны па форме (пра які‑н. дакумент). [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі... Ты, дзед, скідаць паможаш рэйкі. Клімковіч.
4. Такі, дзе захавана толькі знешняя форма; які не паказвае сутнасці справы; бюракратычны. Дзерашу варожы фармальны падыход да справы. Арабей. // Які існуе толькі па форме, для выгляду. Фармальная самастойнасць. □ Веды бываюць розныя, фармальныя і глыбокія, самастойна вынашаныя. «Маладосць».
5. Звязаны з формай (у 11 знач.). Фармальнае значэнне слова.
фарма́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Спец.
1. Тое, што і афікс.
2. Частка слова (прыстаўка, суфікс, інфікс), якая служыць для словаўтварэння і словазмянення.
[Ад лац. formans, formantis — які ўтварае, фарміруе.]
фарма́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.
Спец. Дадатковае адценне гуку, якое надае гучанню музычнага інструмента або голасу асаблівую афарбоўку — тэмбр.
[Ад лац. formans, formantis — які ўтварае, фарміруе.]
фарма́т, ‑у, М ‑маце, м.
1. Памер кнігі, аркуша, старонкі і пад. У яркім убранні калон, у кветках і сцягах выдзяляецца каласальнага фармату кніга, на якой ззяе: «Праграма КПСС». «Звязда». Падпольная «Звязда» была невялікага фармату, але затое з яе старонак веяла баявым, наступальным духам. Пятніцкі.
2. У друкарскай справе — даўжыня і вышыня паласы набору, даўжыня радка.
[Ад лац. forma.]
фарматво́рны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і формаўтваральны.
фарма́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фармату. Фарматны стандарт.
фарма́цыя, ‑і, ж.
1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».
2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.
3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.
[Лац. formatio — утварэнне, від.]
фармацэ́ўт, ‑а, М ‑ўце, м.
Спецыяліст з фармацэўтычнай адукацыяй. [Настуля] таксама вучыцца ў медыцынскім вучылішчы на фармацэўта. Гроднеў.
[Грэч. pharmakeus — які робіць лякарства ад pharmakon — лякарства.]
фармацэ́ўтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Комплекс дысцыплін, якія вывучаюць пытанні здабычы, апрацоўкі вырабу, захоўвання і водпуску лекавых сродкаў.
[Грэч. pharmakeutikē.]