фа́зіс, ‑у, м.
Кніжн. Тое, што і фаза (у 1 знач.).
фа́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фазы (у 5 знач.). Фазная ізаляцыя.
фазо́метр, ‑а, м.
Прыбор для вымярэння рознасці фаз паміж напружаннем і токам у ланцугах пераменнага току прамысловай частаты, рознасці фаз электрычных сігналаў у радыётэхнічнай апаратуры.
фай, ‑ю, м.
Шчыльная рубчастая шаўковая або шарсцяная тканіна.
[Фр. faille.]
файдэшы́н, ‑у, м.
Высокагатунковая шаўковая тканіна, адзін з відаў фаю.
[Фр. faille de Chine.]
файдэшы́навы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, пашыты з файдэшыну. Файдэшынавая сукенка.
фа́йны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Добры, першасортны. [Гаспадар:] — Файныя парасяткі і дзешава купіў. Прокша. // Добры, прыгожы. [Адэля:] — Віцька твой прыходзіў. Цяпер ведаю, навошта ўвесь час яго хавала ад мяне! Файны хлопец. Савіцкі. — А якая ў цябе брошка файная, — зноў напіўся Косцік да Раі. Арабей.
[Ням. fein — першага сорту, далікатны]
фака́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фокуса 1. Факальная лінія.
фа́кел, ‑а, м.
1. Свяцільня, звычайна ў выглядзе палкі з наматаным на канцы прасмоленым пакуллем. Мама ўжо хацела бегчы да рыбакоў, каб шукаць [Рыму] з факеламі на рэчцы, але тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Палагея Аляксандраўна. Васілеўская. Чалавек дзесяць немцаў мітусіліся каля хат, з бутэлькамі і палаючымі факеламі ў руках. Якімовіч.
2. перан. Пра таго, хто (або тое, што) нясе веды, свабоду, ісціну і пад. Нязгасным полымем гарыць у руках чалавека-творцы факел ведаў, запалены Праметэем. «Маладосць».
3. Спец. Конусападобнае полымя, а таксама струмень газу або вадкасці, якія маюць выгляд конуса. Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты. Шамякін.
4. У астраноміі — светлыя, няправільнай формы плямы на паверхні Сонца.
[Ням. Fackel.]
факелано́сец, ‑сца, м.
Спец. Спартсмен, які нясе факел пры адкрыцці алімпіяды.