Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ускла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускласці.

ускла́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ускласці.

ускла́дненасць, ‑і, ж.

Абставіны, падзеі, якія ўскладняюць што‑н. Ускладненасць паэтычнага вобраза.

ускладне́нне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ускладняць — ускладніць і стан паводле знач. дзеясл. ускладняцца — ускладніцца.

ускла́днены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ускладніць.

ускладні́цца, ‑ніцца; зак.

Кніжн.

1. Стаць, зрабіцца больш складаным або вельмі складаным. Ускладніўся план работы.

2. Стаць больш цяжкім для выканання, ажыццяўлення. Справа ўскладнілася.

3. Стаць больш напружаным, супярэчлівым. Сітуацыя ўскладнілася.

ускладні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Кніжн.

1. Зрабіць больш складаным ці вельмі складаным. Ускладніць канструкцыю машыны. Ускладніць задачу. Ускладніць заданне.

2. Зрабіць больш цяжкім. Ускладніць справу.

3. Зрабіць больш напружаным, супярэчлівым. Ускладніць адносіны. □ Як бязлітасна ўскладніла вайна такое простае, такое яснае жыццё! Новікаў.

ускладня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да ускладніцца.

2. Зал. да ускладняць.

ускладня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ускладніць.

ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.