Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

турпа́н, ‑а, м.

Вадаплаўная птушка сямейства качыных з чорнай або чорна-бурай афарбоўкай і шырокай дзюбай.

турпахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Турысцкі паход.

турухта́н, ‑а, м.

Балотная птушка з цёмным апярэннем, якая водзіцца ў тундры і ў лясной зоне Еўразіі. Даўганогія жоравы з турухтанамі збяруцца вялікімі кампаніямі на рыжым куп’істым балоце і давай адзін перад адным вытанцоўваць — хто больш прыгожае ды мудрагелістае каленца выкіне. Ігнаценка. Адбываліся ў пачатку лета жорсткія, але заўсёды бяскроўныя турніры птушак-турухтанаў, гэтых заўзятых дуэлянтаў. В. Вольскі.

турухта́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да турухтана.

турча́нка,

гл. туркі.

турча́ць, ‑чыць; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя для жаб гукі. Недзе далёка ў балотцах турчалі жабы — гэта, кажуць, на цяпло. Адамчык.

2. Тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы). Грыні заснуць, каб спачыць пасля дня ў турботах, толькі адны трактары будуць турчаць праз усю ноч, — але гэта далёка, пад Закалюжжам. Пташнікаў.

туры́зм, ‑у, м.

Падарожжы па сваёй краіне або ў іншыя краіны, калі адпачынак спалучаецца з элементамі спорту і пазнавальнымі задачамі. Экскурсійны турызм. Спартыўны турызм. Горны турызм. □ Турызм дае свой адбітак на воблік краіны, на стыль жыцця многіх яе людзей і гарадоў. Мележ.

[Фр. tourisme.]

туры́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тура ​3 (у 2 знач.). Здаецца, чую, як падвечар у рог турыны дзьме сурмач. А. Вольскі.

туры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто займаецца турызмам. Яркае хараство берагоў і гарадоў, багатая гісторыя прыводзяць у Італію мноства турыстаў. «Полымя».

[Фр. touriste.]

туры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да турыст.