Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ступе́ньчаты, ‑ая, ‑ае.

Размешчаны ступенямі, уступамі; які мае форму ступені або мае ступені. Будаваў царкву выдатны архітэктар Старажытнай Русі полацкі майстар Іван. Будынак быў ступеньчаты, завяршаўся барабанам і шлемавідным купалам. Штыхаў.

ступі́цца, ступіцца; зак.

Стаць тупым, затупіцца. Расказвай жа, як жывеш. Выкладзі праўду крутую... Ці не ступіўся лямеш, Што цаліну пластуе? Макаль.

ступі́ць 1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. — Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць 2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

сту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш. да ступа. // Невялікая фарфоравая пасудзіна для расцірання чаго‑н. Аптэкарская ступка.

сту́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ступіць ​2.

сту́плівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ступіцца.

2. Зал. да ступліваць.

сту́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ступіць ​2.

ступля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да ступіцца.

2. Зал. да ступляць.

ступля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ступіць ​2.

ступня́, ‑і; мн. ступні, ‑яў; ж.

1. Частка нагі ад шчыкалаткі ўніз. Пляскатая ступня.

2. Ніжняя паверхня ступака, падэшва. Пад нагамі быў гарачы пясок — Андрэй пачуў, як стала адразу цёпла ў ступні аж праз гумовыя боты. Пташнікаў.