Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стаіцы́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у антычнай філасофіі, які патрабаваў свядомага падпарадкавання чалавека пануючай у свеце неабходнасці і панавання чалавека пад страсцямі.

2. перан. Стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях, здольнасць супрацьстаяць спакусам. Помнячы пра бацьку і прыносячы яму за ўсё зробленае для беларускай культуры шчырую падзяку, мы, аднак, бяром сабе за прыклад сына — яго [Максіма Багдановіча] любоў да Айчыны, служэнне ёй, яго непахіснасць і нязломны стаіцызм. «Маладосць».

[Ад назвы порціка Stoa ў Афінах, дзе вучыў філосаф Зянон.]

стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.

1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.

2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.

3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.

•••

Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).

стаі́чна, прысл.

Як стоік (у 2 знач.), як уласціва стоіку; стойка, мужна. І тым не менш, непакорлівы дух дзядзькі, яго паэтычная душа, закаханая ва ўсё прыгожае, стаічна вытрымлівалі нягоды і выпрабаванні лёсу. Майхровіч. З нейкім вінавата-прабачлівым выглядам ён стаічна чакаў, пакуль набярэцца ў яе дробязі на рэшту. Васілёнак.

стаі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стаіцызму (у 1 знач.). Стаічная філасофія. Стаічная школа.

2. перан. Стойкі, мужны ў жыццёвых выпрабаваннях. Стаічнае рашэнне. // Уласцівы стойкаму чалавеку; мужны. Стаічная вытрымка [Караля] прымушала слухацца і ў той жа час пачынала раздражняць Валю. Карпаў.

ста́йневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стайні.

ста́йня, ‑і, ж.

Памяшканне для коней, канюшня. Конюх выпускае з стайні коней На вясёлы вадапойны збор. Астрэйка. Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Чарнышэвіч.

•••

Аўгіевы стайні (канюшні) — пра вельмі забруджанае памяшканне, а таксама аб справах, у якіх пануе поўнае бязладдзе, блытаніна (ад грэчаскага міфа пра стайні цара Аўгія, што не чысціліся 30 год і былі вычышчаны Гераклам за адзін дзень).

стака́н, ‑а, м.

Спец.

1. Гільза артылерыйская снарада.

2. Назва дэталей рознага прызначэння, якія маюць цыліндрычную форму. Токар Кучарэнка стаў добра працаваць па фрэзерным, на свідравальным станках, навучыўся спраўляцца з расточкай стаканаў плунжэра дамкрата. «Беларусь».

стака́та,

1. нескл., н. У музыцы — кароткае адрывістае выкананне гукаў, пры якім яны не звязаны адзін з другім. Знак стаката.

2. прысл. Адрывіста, каротка.

[Іт. staccato — адрывіста, асобна.]

стакро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і маргарытка. [Гладыёлус на судзе кветак:] — Няма яшчэ Стакроткі, Чабору і Шыпшыны, але наш час кароткі, пачаць без іх павінны. Дубоўка.

ста́ксель, ‑я, м.

Спец. Касы трохвугольны парус.

[Гал. stagzeil.]