пярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
Які знаходзіцца, размяшчаецца наперадзе такіх жа або падобных прадметаў; проціл. задні. Пярэднія падводы. Пярэднія колы. □ Пярэднія танкі ўжо гарэлі, заднія іх аб’ехаць не маглі, бо тут былі толькі дзве вузкія пераправы. Чорны. Пярэдняй тройкай заўзята кіраваў дзед Архіп. Лынькоў. Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі ў пярэдніх радах. С. Александровіч. // Які знаходзіцца ў той частцы, што з’яўляецца перадам. Пярэднія лапы. Пярэднія зубы. // Які ўтварае тую частку прадмета, што звернута ўперад. Пярэдні план сцэны. □ Вялізныя вокны .. былі выразаны ў чатыры рады ў пярэднім фасадзе дома з боку вуліцы. Бядуля. [Рыгор] цвёрдым крокам накіраваўся да пярэдня[й] пляцоўкі вагона. Гартны.
•••
Пярэдні край гл. край 1.
пярэ́дняя, ‑яй, ж.
Першы пры ўваходзе ў жыллё пакой, дзе пакідаюць верхнюю вопратку. Андрэй памог дзяўчыне ўвайсці ў пярэднюю, потым у адзін з пакояў. Васілёнак. Ні ў пярэдняй, ні ў свяцёлцы, цесна застаўленай сталамі, канапамі, столікамі, нікога не было. Хомчанка.
пярэ́зімак, ‑мка, м.
Разм. Свойская жывёліна мінулагодняга прыплоду (звычайна пра цялят, жарабят). Надвячоркам прызнаў з поля цялят-пярэзімкаў Віця. Пальчэўскі.
пярэ́палах, ‑у, м.
1. Тое, што і перапалох. Рабцэвічу зрабілася няёмка за пярэпалах, што нарабіў ён сваім прыходам. Мехаў.
2. звычайна мн. (пярэ́палахі, ‑аў). Хвароба, якая, згодна з забабоннымі ўяўленнямі, узнікае ад спалоху. — Ды ўжо ж, прыйдзецца да бабкі ісці, пярэпалах выганяць, — жартам адказала Алаіза. Арабей.
пярэ́рва, ‑ы, ж.
Разм.
1. Прастора, якая раздзяляе якія‑н. масівы; прамежак. Кузня засталася ў пярэрве паміж старымі і новымі Ясенямі. Арочка.
2. Часовы перапынак. З-за гэтых садоў была ў .. [салдата] пярэрва ў карчаванні зямлі. Чорны.
пярэ́смык, ‑а, м.
Абл. Вузкая паласа чаго‑н. або праход паміж двума масівамі лесу, балота. А тут, як дзе на воўчай гаці, Як на пярэсмыках якіх, Цябе трывожыць кожны міг. Колас.
пярэ́сна, ‑ы, ж.
Лугавая расліна сямейства казяльцовых з яркімі, буйнымі кветкамі. Дзе-нідзе рассыпана пярэсна з чырванаватааранжавымі кветкамі, якія нагадваюць сваёй формай садовую ружу. Гавеман.
пярэ́старак, ‑рка, м.
Тое, што і перастарак. Вось ідзе Навамодны.., які да гэтай зімы жыў у Пасынках «прымаком», на вялікую, нечаканую радасць пярэстарку Акуліне. Брыль.
пярэ́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пярэстага (у 1, 2 знач.). На нагах такая пярэстасць, быццам тут сабралі выстаўку стаптанага абутку. Новікаў.