бурката́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. буркатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння; буркатня.
бурката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
Разм.
1. Тое, што і буркаваць. Голуб .. нешта буркатаў галубцы. Сабаленка.
2. што і без дап. Бурчаць, мурлыкаць. Шафёр нешта буркатаў сабе пад нос. Кавалёў.
3. Грукатаць, тарахцець (пра гукі машыны ў часе работы). Блішчалі на пагорках у вёсках агні, на палях сям-там буркаталі трактары. Ракітны.
буркатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які любіць бурчаць, бурклівы. Побач адзінока месцілася атынкаваная будка-каравулка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печы які буркатлівы дзед-вартаўнік. Быкаў.
2. Бурлівы, звонкі. Па рацэ праносіліся маторкі, буркатлівыя хвалі ад іх з шумам намотваліся на бераг, казыталі ногі. Савіцкі. Выбіраеш роўненькі пянёк дзе-небудзь ля крынічкі ці светлага буркатлівага ручая, проста лежачы жыватом на зямлі, п’еш ваду. Сачанка.
буркатня́, ‑і, ж.
Разм. Бурчанне, буркатанне. — Добры дзень, старшынька, — змяніла, адразу сваю буркатню на лагодную ліслівасць мачыха. Сабаленка.
буркату́н, ‑а, м.
Той, хто любіць буркатаць, дакучае буркатнёй.
бу́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да буркнуць.
бу́ркі, ‑рак; адз. бурка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Абутак з фетру або сукна, які носіцца з галёшамі ці на скураной падэшве без іх. Казулін у шубе з бабровым каўняром, у бабровай шапцы, абуты ў белыя буркі, стаяў наперадзе ўсіх і глядзеў на Сцюдзянец. Дуброўскі. Апранута.. [Маша] была ў стары залатаны кажушок, на нагах — буркі з бахіламі. Шамякін.
бурклі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць бурклівага. Да частай бурклівасці мужа.. [Параска] прывыкла, але прапусціць міма вушэй яго словы аб дачцэ азначала б няўвагу, абыякавасць, а з-за гэтага Антось яшчэ больш разбурчаўся б. Хадкевіч.
бурклі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які любіць бурчаць, выказваць нездаволенасць. [Хурс] прыстаў у прымы да паўпанскага фальварковага пакідзішча — да старой паненкі — худой, касцістай і бурклівай ведзьмы. Чорны. // Які вызначаецца нездаволенасцю, раздражненнем. Бурклівы голас, тон.
бу́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., што і без дап.
Невыразна, з адценнем незадаволенасці сказаць што‑н. Адна старая сялянка не выцерпела — буркнула: — Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць! Бядуля. [Глушкевіч] хацеў загаварыць з ёю, але жанчына нешта буркнула ў адказ, і нельга было зразумець, ці то яна павіталася так, ці выказала незадаволенасць. Дуброўскі.