Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стра́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да страціць.

страчо́к, ‑чка, м.

Грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай.

страчы́цца, строчыцца; незак.

Зал. да страчыць.

страчы́ць, страчу, строчыш, строчыць; незак., што.

1. Шыць, вышываць суцэльным швом. Страчыць рукаў. Страчыць сукенку. // і без дап. Разм. Шыць на швейнай машыне. Шкуркі белыя дастаў, Ніткі і машыну: Шые, строчыць... Хутка стаў І краўцом хлапчына. Бялевіч.

2. перан.; і без дап. Разм. Хутка, паспешна пісаць. Пытаюць анкеты: калі я і дзе нарадзіўся? Калі я вучыўся? І з кім і калі ажаніўся?.. І строчым адказы... Старанна!.. Кірэенка. // Хутка гаварыць. Жанчына трухае побач, строчыць несупынна, звягліва. Савіцкі.

3. без дап. Страляць (пра частую стрэльбу з аўтаматычнай зброі). Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Васілеўская. Каля чыгуначнага моста .. чуваць рэдкія чэргі. Гэта на правым флангу .. строчыць Яша Шакурка. Місько.

стра́шанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. страшыць.

стра́шаны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Бывалы, прабеглы.

стра́шна,

1. Прысл. да страшны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё страху, якое зведаў, зазнаў хто‑н. Мне страшна, але іду. Колас. Гвардыян раптам адчуў, што сапраўды яму страшна. Зарэцкі. / з інф. Вось як нялёгка дараваць Табе віну маю старую! І страшна мне сябе спытаць: «А сам сабе я ці дарую?» Гілевіч. Страшна падумаць, што магло б быць, каб эпідэмія разгулялася ў раёне. М. Ткачоў.

страшнава́та,

1. Прысл. да страшнаваты.

2. безас. у знач. вык., каму. Крыху боязна. Самой Марыне страшнавата, І ёй вясёласці няма. Колас. / з інф. [Альбіна:] — Не палохайся, дурненькі мой. Кожнаму чалавеку, мабыць, страшнавата ўпершыню стаць бацькам. Сабаленка.

страшнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі страшны (у 1, 2 знач.). Якая .. [пані Ма р’я] добрая, вясёлая! Зусім не такая, як муж яе, пан кіраўнік, — нейкі маўклівы і нават страшнаваты. Брыль.

стра́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у знач. наз. стра́шнае, ‑ага, м. З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.

2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

3. Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.

•••

Страшны суд гл. суд.