страмчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. стромкі (у 1 знач.).
страмянны́, ‑ога, м.
У Рускай дзяржаве 16–17 стст. — прыдворны, які даглядаў царскіх верхавых коней і суправаджаў цара на ўрачыстых выездах.
странцыяні́т, ‑у, М ‑ніце, м.
Бясколерны ці з зеленаватым, жаўтаватым, шараватым адценнем мінерал, які мае шкляны бляск.
страпяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Мімаволі ўздрыгнуць, страсянуцца (ад страху, узрушэння і пад.); выйсці са стану нерухомасці, знямення. Нешта было шаснула, калі я нагнуўся ды глядзеў у чорную яму. Я страпянуўся, узняў галаву, .. — Юзіка не было відаць. Баранавых. Толькі тады страпянуўся, як рука лягла мне на плячо і я пачуў басавіты, немалады ўжо голас. Сабаленка. — Горш няма, як ляжаць у засадзе ў такі холад... — ціха сказаў Алег камандзіру ўзвода і страпянуўся: з дарогі далятаў гул машын. «Маладосць». Раптам [дзед Агей] сам страпянуўся ўвесь: — Сынку, лаві! Вуду лаві! Вунь на бервяне паплыла. Крапіва. // Схамянуцца, успомніўшы што‑н. важнае, істотнае. — Слухайце, — страпянуўся Міша. — дагаварыліся мы, і я ледзь не забыўся. Вы [лейтэнант] вось сказалі, што вы гэта не вы, а мой старэйшы брат Іван. Яно б добра было, толькі ж уся вёска ведае, што адзін у мяне брат — Юрка. І не старэйшы, а малодшы. Курто. // Зварухнуцца, уздрыгнуць. Пальцы натыкаюцца на мяккую поўсць .. Націскаю — не страпянуўся, значыць, мёртвы. Жычка. Уздрыгнулі шырокія бровы, Страпянуліся вейкі — крозы. Зазвінелі буйныя слёзы. Глебка. / у перан. ужыв. Страпянуўся лес. Пытае: — У каго бяда якая? Калачынскі. // Забіцца мацней, часцей (пра сэрца). З дзвярэй дыхнула цёплым малаком і салёнымі агуркамі .. Сэрца страпянулася і балюча сціснулася. Дома! Асіпенка. І як страпянулася яго сэрца, калі ў першых радах .. [Джыавані] заўважыў сваю маці. Лынькоў.
2. Разм. Хуткім рухам цела страсянуцца, абтрэсціся. Калі я [Варташэвіч] наблізіўся, кот раптам страпянуўся і так хутка скочыў у кусты, нібы ў паветры хто правёў белую рысачку. Карпюк. Хлапчук ледзь не наступіў на .. [птушку] нагою. Жаваранак страпянуўся і ўзняўся ўгору. Пальчэўскі. Акуньчык спрытна страпянуўся. Колас.
3. перан. Пачаць актыўна дзейнічаць, праявіць сябе. Паны яшчэ страпянуцца. Машара.
страпяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. чым. Парывісты рухам страсянуць, кіўнуць (галавою, валасамі і пад.). [Мукашык] страпянуў галавою, жадаючы развеяць страшны малюнак. Дамашэвіч. // што. Страсянуць, ачышчаючы ад пылу і пад., разраўнаваць. І, ужо бегучы, дзяўчына зняла з галавы .. стракатую касынку, страпянула яе і трошкі занепакоілася. Кулакоўскі. // без дап. Раптоўна ўздрыгнуць. [Алесь] страпянуў і, увесь перапалоханы і збянтэжаны, адскочыў ад пана Ліцвінскага. Адамчык.
2. чым. Расправіць (пра крылы). Сарока памылася, страпянула крыламі, паправіла дзюбкай пёркі і дзеўбанула хлеб. Пальчэўскі. Дзяцел зірнуў уніз, страпянуў крыламі і неўзабаве знік у гушчары. Курто.
страпяці́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стрэпета, належыць яму. Страпяцінае гняздо.
страса́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. страсаць — стрэсці.
страса́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да страсаць.
страса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да стрэсці.
стра́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць страснага. Лірыка Петруся Броўкі ваенных гадоў была напоўнена вялікім пачуццём, страснасцю, гневам і болем. Звонак. Тут Генка з нечаканай для мяне страснасцю пачаў гаварыць, што за свабоду трэба змагацца. Рамановіч. Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго. Караткевіч.