ту́рман, ‑а, м.
Голуб асобай пароды, які мае здольнасць куляцца пры палёце. Турманы кружыліся над хатай. Аўрамчык.
турні́к, ‑а, м.
Гімнастычны снарад, які складаецца з перакладзіны, гарызантальна ўмацаванай на дзвюх стойках; перакладзіна. Да глыбокай восені Рыгор займаўся гімнастыкай на турніку, гантэлямі і абліваўся халоднай вадой. Рамановіч. Зямля падсохла, было цёпла, і хлопцы пасля ўрокаў галёкалі на школьным двары ля турніка. Навуменка.
[Ад фр. tourner — круціцца, вярцецца.]
турніке́т, ‑а, М ‑кеце, м.
Прыстасаванне ў выглядзе рухомай крыжавіны, што ўстанаўліваецца ў праходах, каб наведвальнікі маглі праходзіць толькі па аднаму.
[Фр. tourniquet.]
турні́р, ‑у, м.
1. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — спаборніцтва рыцараў. Галоўным у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек. Караткевіч. // перан. Выступленне адзін перад адным па якіх‑н. пытаннях. Тэмай вуснага турніру была выбрана праблема «Закон і мараль». «Маладосць». // перан. Пра шлюбныя змаганні жывёл і птушак. Мы ляжалі на кажухах, замаскіраваныя высокай, травой і кустамі, і не спускалі вачэй з паляны, абранай аленямі для сваіх штогадовых турніраў. В. Вольскі. Вясенні турнір заўсёды пачынаўся так: калі на ўсходзе нясмела займаўся золак, на самую вершаліну дрэва, што чарнела прыцемкам, садзіўся стары цецярук-такавік. Ігнаценка.
2. Форма правядзення асабістага ці каманднага спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або два разы. Шахматны турнір. Алімпійскі турнір футбалістаў.
[Ням. Turnier.]
турні́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турніру; які з’яўляецца турнірам. Балельшчыкі футбола, такія, як Станік, часта збіраліся ля турнірнай табліцы матчаў. Грамовіч.
турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм.
1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.
2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.
турнэ́, нескл., н.
1. Падарожжа па кругавому маршруту. Студэнты розных маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў робяць турнэ па Савецкай краіне. «Звязда». // Разм. Паход, паездка. Пасля гэтага турнэ ляснічага па ўсіх кварталах многія леснікі былі выкліканы ў канцылярыю. Сіняўскі.
2. Паездка артыстаў, спартсменаў на гастрольныя выступленні, спаборніцтвы і пад. Вядомы імпрэсарыо італьянец Латуза запрапанаваў мне гастрольнае турнэ па Еўропе. Рамановіч.
[Фр. tournee.]
турнэ́пс, ‑у, м.
Расліна сямейства крыжакветных, караняплоды якой ідуць на корм жывёле; кармавая рэпа.
турню́р, ‑а, м.
Модная ў канцы 19 ст. прыналежнасць жаночага туалету ў выглядзе падушачкі, якую падкладвалі над плацце ніжэй таліі для надання пышнасці фігуры. // Шырокая жаночая спадніца, прызначаная для нашэння з такой падушачкай.
[Фр. tournure.]
туро́к, ‑рка́, м.
Абл. Туркаўка. Калі ўвесь астатні хор пеўчых замаўкаў, [салавей] смялеў, але толькі да той хвіліны, пакуль яго не перабіваў турок, з асалодай буркуючы на леташнім гняздзе. Карамазаў. Дзесьці залівалася баязліва жаўна, ды ў вербалозах цяжка стагнаў турок. Хомчанка.