металі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Рабочы металапрамысловасці. Па-братэрску я сёння руку падаю Металістам, шахцёрам, аратым. Гурло.
металі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з металу. Металічныя канструкцыі. □ Пагарэльскі здымае з рамы цяжкую накрыўку і ў зямлі відно, як ляжаць металічныя мадэлі. Скрыган. Рэч хутчэй нагадвала ружжо, са ствала якога выглядала вострая металічная страла. Шашкоў.
2. Які мае адносіны да металу, звязаны з апрацоўкай металу. Дзіўна выглядалі тады белыя, надзвычайна чыстыя кветкі.. на яго [Захарыя] шырокай далоні, цёмнай ад металічнага пылу, ад машыннага масла. Самуйлёнак.
3. Уласцівы металу, падобны на метал. [Хвалі] былі сінява-чорныя з глухім металічным бляскам. Зарэцкі. // перан. Які нагадвае гукі ўдару аб метал. Металічны голас. □ Рыжая асака, не кранутая ў свой час касой, стаяла напаўроста ў вадзе і пазвоньвала пад ветрам металічным звонам. Ракітны.
метало́ід, ‑у, М ‑дзе, м.
Спец. Устарэлая назва хімічнага элемента, які не адносіцца да металаў; неметал.
[Ад грэч. metallon — метал і eidos — від.]
метало́ідны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да металоіду.
металу́рг, ‑а, м.
Спецыяліст па металургіі.
металургі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да металургіі; звязаны з металургіяй. Металургічны завод. Металургічная база.
металу́ргія, ‑і, ж.
1. Галіна цяжкай прамысловасці, якая займаецца здабычай і вытворчасцю металаў. Чорная металургія. Каляровая металургія.
2. Навука аб спосабах прамысловай вытворчасці металаў і надання ім неабходных уласцівасцей. Курс металургіі.
[Ад грэч. melallurgeō — апрацоўваю металы.]
метамарфі́зм, ‑у, м.
Спец. Працэс ператварэння структуры і саставу горных парод пад уздзеяннем фізічных і хімічных прычын. Метамарфізм горных парод.
[Ад грэч. metamorphō — пераўтвараю.]
метамарфі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да метамарфізму.
метамарфо́за, ‑ы, ж.
1. Спец. Пераход адной формы чаго‑н. у другую са змяненнем знешняга выгляду або функцыі. Метамарфоза вусеня ў матыля.
2. Разм. Поўнае змяненне каго‑, чаго‑н. Але, як толькі яны з Надзяй запісаліся ў загсе.., з Марыяй Кірылаўнай адбылася сапраўдная метамарфоза. Рамановіч.
[Ад грэч. metamorphōsis — пераўтварэнне.]