металічны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з металу. Металічныя канструкцыі. ▪ Пагарэльскі здымае з рамы цяжкую накрыўку і ў зямлі відно, як ляжаць металічныя мадэлі. Скрыган. Рэч хутчэй нагадвала ружжо, са ствала якога выглядала вострая металічная страла. Шашкоў.

2. Які мае адносіны да металу, звязаны з апрацоўкай металу. Дзіўна выглядалі тады белыя, надзвычайна чыстыя кветкі.. на яго [Захарыя] шырокай далоні, цёмнай ад металічнага пылу, ад машыннага масла. Самуйлёнак.

3. Уласцівы металу, падобны на метал. [Хвалі] былі сінява-чорныя з глухім металічным бляскам. Зарэцкі. // перан. Які нагадвае гукі ўдару аб метал. Металічны голас. ▪ Рыжая асака, не кранутая ў свой час касой, стаяла напаўроста ў вадзе і пазвоньвала пад ветрам металічным звонам. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)