Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ке́пска,

1. Прысл. да кепскі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, дрэннае самаадчуванне. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе, — Кепска цяпер! Багдановіч. // Пра нястачу, недахоп чаго‑н. — Як вы з дры[ва]мі, дзядзька Малах? — Малах ажыўляецца: — Кепска, браточак мой даражэнькі! Лічаныя паленцы ўжо асталіся. Зарэцкі.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі душэўны або фізічны стан. Дзяўчынаньцы кепска стала — стала плакаць ды ўздыхаць. З нар.

•••

Кепска кончыць гл. кончыць.

ке́пскі, ‑ая, ‑ае.

Не такі, як трэба, якога хацелася б; дрэнны. Кепскі настрой. □ Надвор’е кепскае — туманна, хмарна. Зарыцкі. / у знач. наз. ке́пскае, ‑ага, н. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае. Бядуля.

керага́з, ‑а, м.

Род бясшумнага прымуса, у якім згарае газа. Кірыла смажыў сабе на керагазе яечню, варыў густую чорную каву. Шамякін.

керамзі́т, ‑у, М ‑зіце, м.

Порысты будаўнічы матэрыял у выглядзе гравію або шчэбеню, які вырабляецца паскораным абпальваннем легкаплаўкіх глін і прымяняецца для атрымання лёгкага бетону і жалезабетону.

[Грэч. kéramos — гліна.]

керамзітабето́н, ‑у, м.

Лёгкі бетон, у якім запаўняльнікам з’яўляецца керамзіт.

керамзітабето́нны, ‑ая, ‑ае.

Выраблены з керамзітабетону. Керамзітабетонныя панелі.

керамзі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да керамзіту. Керамзітавы завод. Керамзітавыя вырабы.

кера́мік, ‑а, м.

Спецыяліст па кераміцы, ганчарнай справе.

кера́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Ганчарная вытворчасці ганчарнае майстэрства. Развіццё керамікі.

2. зб. Ганчарныя вырабы. Павільён керамікі. Будаўнічая кераміка. Мастацкая кераміка.

3. Маса, з якой атрымліваюць такія вырабы.

[Грэч. keramikē.]

керамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да керамікі. Керамічная вытворчасць. // Зроблены з керамікі (у 3 знач.). Керамічныя трубы. Керамічны посуд.