Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зярні́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зярністага. Зярністасць снегу.

зярні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае многа зерня, з буйным зернем. Зярністы колас. Зярністае жыта.

2. Які складаецца з зернепадобных часцінак. Зярністы снег. Зярністы граніт. □ На дне пясочак жоўты, чысты, Вадою згладжаны, зярністы. Колас.

•••

Зярністая ікра гл. ікра.

зярня́тка і зе́рнетка, ‑а; Р мн. ‑так; н.

Памянш.-ласк. да зерне (у 1 знач.).

•••

Макавага зярнятка ў роце не было гл. быць.

зярня́ўка, ‑і, ДМ ‑няўцы; Р мн. ‑нявак; ж.

Сухі плод, у якім каляплоднік зросся з семем.

зярца́ла, ‑а, н.

Гіст.

1. Увянчаная двухгаловым арлом трохгранная прызма з наклеенымі па баках указамі Пятра І, якая як эмблема «законнасці» ставілася на стол у судзе і іншых установах дарэвалюцыйнай Расіі.

2. толькі мн. (зярца́лы, ‑аў). Металічныя даспехі з дзвюх палавінак для засцярогі грудзей і спіны, якія прымяняліся ў 14–17 стст. А над усім гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі і булатнымі шаломамі — вочы, якія і хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць. Караткевіч.

3. Уст. Люстэрка. Бачыць самога сябе ў зярцале.

зя́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і зя́ваць. Жыжка, як шчупак, выкінуты на бераг, пачаў зяўкаць сваім роцікам, і хапаць паветра, але словы не ішлі. У зале пачуўся лёгкі смех. Ермаловіч.

зя́ўнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да зя́ваць.

зяўну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зяўнём, зеўняце; зак.

Аднакр. да зява́ць.

зяха́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

Разм. Хапаць паветра раскрытым ротам. Жанчыны хапаліся рукамі за грудзі і зяхалі разяўленым ротам, як рыба на беразе. Крапіва.

зяхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да зяхаць. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас.

зя́цеў, ‑ева.

Які належыць зяцю. Бацька не пайшоў з вяселлем, з дачкою, у зяцеву хату. Чорны.