Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змардава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Змучыцца, знясіліцца. — Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы. Бацька дык змардаваўся за дзень, з ног зваліўся. Пташнікаў.

змардава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго.

Разм. Змучыць, знясіліць. Нейкі незнаёмы дзядзька ўшчаміў воз з дрывамі між двух пнёў. Змучыўся сам, змардаваў каня, але не мог выцягнуць саней. Дуброўскі.

змаркатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Маркотны, сумны. Конь стаяў змаркатнелы, пануры, Кроў сцякала з нагі варанога. Лойка.

змаркатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца маркотным, сумным. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя лапатамі рукі. Быкаў.

змарко́ціцца, ‑кочуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

Разм. Змучыцца ад працяглай маркоты. — Даўно, вельмі даўно ўжо я ад цябе ліста не меў. І змаркоціўся ж я па гэтым моцна. Крапіва. Кожны раз, як дачка прыязджала дахаты, першае, што пытала маці — ці не змаркоцілася яе Танечка без бацькоў. Пальчэўскі.

змарнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.

Марна страціцца, загубіцца. — Не пройдзе праз які тыдзень дождж, — і бульба, лічы, змарнуецца, тады ёй ужо нішто не паможа... С. Александровіч. Канцавенькі з дбайнасцю гаспадыні прыбіраў са стала: адносіў, што на паліцу, што ў цабэрак, каб не змарнавалася. М. Арочка.

змарнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Марна страціць, загубіць. Маці казала, быў.. [Сузан] настойлівы і працавіты, ніколі не змарнаваў ніводнага дня. Лынькоў. Лісток завялы ён [бацька] сарваў і кінуў злосна ўбок: — Такое дрэўца змарнаваў дарэмна, галубок! Вялюгін.

змарне́ласць, ‑і, ж.

Стан змарнелага.

змарне́лы, ‑ая, ‑ае.

Змучаны, схуднелы. Праз тры дні партызанскія пасты затрымалі на лясной сцежцы абшарпанага, змарнелага хлапчука гадоў трынаццаці. Марціновіч. // Зачахлы, звялы (пра расліны). У агародзе.. зелянее на пяску змарнелая бульба. С. Александровіч.

змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.