змардава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.
Разм. Змучыцца, знясіліцца. — Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы. Бацька дык змардаваўся за дзень, з ног зваліўся. Пташнікаў.
змардава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго.
Разм. Змучыць, знясіліць. Нейкі незнаёмы дзядзька ўшчаміў воз з дрывамі між двух пнёў. Змучыўся сам, змардаваў каня, але не мог выцягнуць саней. Дуброўскі.
змаркатне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Маркотны, сумны. Конь стаяў змаркатнелы, пануры, Кроў сцякала з нагі варанога. Лойка.
змаркатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Зрабіцца маркотным, сумным. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя лапатамі рукі. Быкаў.
змарко́ціцца, ‑кочуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
Разм. Змучыцца ад працяглай маркоты. — Даўно, вельмі даўно ўжо я ад цябе ліста не меў. І змаркоціўся ж я па гэтым моцна. Крапіва. Кожны раз, як дачка прыязджала дахаты, першае, што пытала маці — ці не змаркоцілася яе Танечка без бацькоў. Пальчэўскі.
змарнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.
Марна страціцца, загубіцца. — Не пройдзе праз які тыдзень дождж, — і бульба, лічы, змарнуецца, тады ёй ужо нішто не паможа... С. Александровіч. Канцавенькі з дбайнасцю гаспадыні прыбіраў са стала: адносіў, што на паліцу, што ў цабэрак, каб не змарнавалася. М. Арочка.
змарнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
Марна страціць, загубіць. Маці казала, быў.. [Сузан] настойлівы і працавіты, ніколі не змарнаваў ніводнага дня. Лынькоў. Лісток завялы ён [бацька] сарваў і кінуў злосна ўбок: — Такое дрэўца змарнаваў дарэмна, галубок! Вялюгін.
змарне́лы, ‑ая, ‑ае.
Змучаны, схуднелы. Праз тры дні партызанскія пасты затрымалі на лясной сцежцы абшарпанага, змарнелага хлапчука гадоў трынаццаці. Марціновіч. // Зачахлы, звялы (пра расліны). У агародзе.. зелянее на пяску змарнелая бульба. С. Александровіч.
змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.