дуга́, ‑і́, ДМ ‑дузе́; мн. ду́гі (з ліч. 2, 3, 4 дугі́), дуг; ж.
1. Частка конскай збруі з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая служыць для прымацавання аглобляў да хамута. Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою. Гартны. Аднаго дня брычка са званочкам пад дугою пад’ехала да ганка пана Казіміра. Пестрак.
2. Частка акружнасці або круглаватай крывой лініі. Апісаць дугу. // у знач. прысл. дуго́й. У форме дугі, выгнутай лініі. Бровы дугой. □ Лес абгінаў сяло дугой. Шамякін.
3. Разм. Прыёмнік току на трамвайных вагонах. Ад слупа да слупа нацягнуты трасы, а да іх падвешаны правады, з якіх тралейбусныя штангі і трамвайныя дугі здымаюць ток. Жычка.
•••
Электрычная дуга; вольтава дуга — дугавы разрад паміж вугальнымі або металічнымі блізка размешчанымі электродамі.
Сагнуцца ў дугу гл. сагнуцца.
Сагнуць у дугу гл. сагнуць.
дугавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да дугі (у 1 знач.). Дугавая запрэжка.
2. Заснаваны на ўжыванні электрычнай дугі. Дугавая лямпа. Дугавая электразварка.
дугападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на дугу, які мае форму дугі. Дугападобны мост. Дугападобная траекторыя.
дуда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Народны духавы музычны інструмент з дзвюх і больш трубак, устаўленых у скураны мяшок або пузыр, які надзімаецца праз трубку; валынка. Іграць на дудзе. □ Без музыкі, без дуды ходзяць ногі не туды. З нар.
дуда́р, ‑а, м.
Музыкант, які іграе на дудзе. Плыве музыка да хмар, Грае хораша дудар. Шушкевіч.
ду́дачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да дудка; невялікая дудка. Ён як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць. Якімовіч.
2. перан. Разм. Пра вузкае, завужанае адзенне. Вельмі ж не да спадобы Ганне Макараўне штонікі-дудачкі. Марціновіч.
дуддзё, ‑я, н., зб.
Разм. Дудкі (гл. дудка ў 2 знач.). Ссякалі дуддзё [тытуню] і насілі растрасаць на гару. Пташнікаў.
дудзе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дудзець, а таксама гукі гэтага дзеяння.
дудзе́ць, дуджу, дудзіш, дудзіць; незак.
Іграць не дудцы, дудзе. // Разм. Гусці. Аднекуль зверху пранозліва дудзіць сігнал маставога крана. Асіпенка. [Максімка] зняў тэлефонную трубку і доўга слухаў, як там нешта дудзела. Сабаленка. // што і без дап. Разм. Аднатонна, нягучна гаварыць, чытаць, спяваць. Дудзець пад нос. □ Голас то змаўкаў, то зноў пачынаў дудзець пра храбрага камара, і ад гэтага аднастайнага дудзення пачынала хіліць да сну. Лынькоў. Лявон канчаў падплятаць лапаць і дудзеў пад нос нейкую сумную песню. Чарот. // перан. Надаедліва паўтараць адно і тое. [Фінцечцы] заўсёды гаварылі, што яна прыгожанькая. Асабліва перад бацькамі. А бацькі штодня дудзелі ёй аб гэтым. Грамовіч.
ду́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Народны духавы музычны інструмент у выглядзе драўлянай або чарацянай трубкі з круглымі дзірачкамі. За бакавым узгоркам чуліся высвісты пастуховых дудак. Гартны.
2. Разм. Сцябліна, звычайна пустая ўнутры. Дудкі чароту. □ Я іду паўз платы, за якімі зелянеюць дудкі цыбулі. Наўроцкі.
•••
Іграць у адну дудку гл. іграць.
Скакаць пад чыю дудку гл. скакаць.