страга́ч, ‑а, м.
Разм. Суровая вымова. Розныя загады на мяне былі: і «папярэдзіць», і «паставіць на від», нават страгача неяк абхапіў. Каршукоў.
страда́нне, ‑я, н.
Разм. Прыпеўкі пра каханне і музыка да іх; танец на гэту музыку. Пеця Гурбан схадзіў ужо і польку, і кракавяк, і страданне, але танцаваў ён нязграбна. Пташнікаў. За вальсам пайшла полька, страданне, кракавяк. Васілевіч.
страдыва́рыус, ‑а, м.
Скрыпка дасканалай формы і прыгажосці гуку, зробленая вядомым італьянскім майстрам канца 17 — пачатку 18 стст. Антоніо Страдывары.
страж, ‑а, м.
1. Высок. Ахоўнік, абаронца. Армія — страж нашых граніц. / у вобразным ужыв. [Лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі, дзе я нарадзіўся і вырас. Сачанка.
2. перан. Той, хто заўсёды на варце, за працай. — Будзем знаёмы: Волкаў Антон Пятровіч. Дык вы, малады чалавек, не паспелі на кватэру стаць, а ўжо адразу і за працу. Хаця, я вас разумею, вы, так сказаць, страж пяра... Даніленка.
стра́жнік, ‑а, м.
1. Да рэвалюцыі — ніжэйшы паліцэйскі чын у сельскай мясцовасці. Продкі Неслухоўскіх адбывалі вайсковую службу ў Вялікім княстве Літоўскім у чынах ротмістраў, харунжых, стражнікаў Брэсцкага ваяводства і г. д. «Полымя».
2. Уст. разм. Ляснік. Аб’ездчыкі са стражнікамі Сюды [на сесію] схадзіліся, з’язджаліся. Колас.
стражні́ца, ‑ы, ж.
Пагранічны пост; застава. На фарпостах, на граніцах Безгранічных нашых земляў, З карабінам ля стражніцаў Камсамолец не задрэмле. Купала. [Прыезджыя] жылі два-тры дні ў фальварку, наведвалі пагранічную стражніцу. Пальчэўскі. [Сяргей:] — Стражніца недалёка, пагранічнікі знаёмыя, часта ў вёску прыходзяць на вечарынку. Машара.
[З польск.]
стра́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стражніка. У пілотцы, са скаткай з лесу Верасень выйшаў у дасветны туман каля стражніцкіх вышак. Вялюгін. // Які належыць стражніку. Усе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы. Колас.
стражэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. строгі.
стражэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
Станавіцца больш строгім. [Максімка] складвае накрыж рукі на грудзях, з твару стражэе. Хадановіч.