Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сто́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Слой, пласт; складка чаго‑н. Вострымі кравецкімі ножнамі я лёгка выразаў дзве столкі лямцу па велічыні гатовай падкладкі. Якімовіч. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. / у вобразным ужыв. Туману распаўзліся столкі ад хат у поле, на загон. Дубоўка.

•••

У адну столку (у дзве, тры і г. д. столкі) — у адзін (два, тры і г. д.) разы.

столь, ‑і, ж.

1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.

•••

Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.

Пляваць у столь гл. пляваць.

сто́лькі, Р мн. столькіх, займ. і сто́лькі, прысл.

1. займ. і прысл. указальнае. Абазначае іменна такую колькасць чаго‑н.; названая, вызначаная колькасць. — Блакіціна нябесная! — крычыць Шарэйка. — Колькі неба над лугам, столькі і лугу!.. Што значыць волявольная — калгас! Брыль. І хто гэта выдумаў столькі анкет? Панчанка. / у знач. наз. сто́лькі, ‑іх. Зноў столькіх прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць — нібы гэта грэбля не ўсім, а яму [Міканору] аднаму трэба. Мележ. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. На вазе не цягнула столькі, колькі на бязмене. Лобан.

2. займ. і прысл. азначальнае. Абазначае такую вялікую колькасць чаго‑н.; так многа, так доўга. [Петракоў:] Мы заўладалі чыгункай на працягу 10 кіламетраў. Столькі крыві нам каштавала... Кучар. — Дзе ты столькі забавіўся? — папракнула здзіўлена маці. Пальчэўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Усю зіму возяць .. [на Нёман] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.

3. прысл. меры і ступені. У такой ступені, настолькі, так. Столькі .. [Таццяна] перахварэла з-за яго, столькі перажыла!.. Часам і сама яна цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. Уперадзе таксама ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Ён столькі ж паважаў яе, колькі любіў.

•••

Не столькі..., колькі... — не так..., як...

Столькі і столькі — ужываецца замест паўтарэння колькасці, разавасці, цаны.

Столькі..., колькі і... — як..., так і...

сто́льнік, ‑а, м.

У Рускай дзяржаве 13–17 стст. — прыдворны чын (пасада) рангам ніжэй баярскага. // Асоба, якая мела гэты чын (першапачаткова — прыдворны, які прыслужваў за княжацкім або царскім сталом).

сто́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стольніка.

сто́льны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Сталічны (пра горад). Ці хто здалёк прыбыў, ці зблізку, Які б вас вецер ні прынёс — Вам Камароўку ў стольным Мінску Не абмінуць, бы ўласны лёс. Гілевіч. Жыві ж, красуйся, горад стальны. З руін да славы ўставай. Глебка.

сто́ма, ‑ы, ж.

Аслабленне сіл, зморанасць ад цяжкай работы ці якога‑н. занятку. Папраўдзе, гэты чалавек не ведаў стомы. Скрыган. Таму не знаў я зморы, стомы У навальніцах, у барацьбе. А ты пытаешся, ці мог бы Жыць без кахання, без цябе. Танк. / у вобразным ужыв. [Лес] аціх — анямеў, самлеў у стоме, якая настала пасля лета, што агалошвала яго нядаўна рокатам з урадлівай пожні. Пташнікаў.

стометро́вы, ‑ая, ‑ае.

Роўны ста метрам. Стометровая вышыня.

стометро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Разм. Дыстанцыя ў сто метраў у спартыўных спаборніцтвах.

стомільённы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да сто мільёнаў.

2. Колькасцю ў сто мільёнаў. Стомільённая тона вугалю. // Коштам, вартасцю ў сто мільёнаў.