інтэле́кт, ‑у, М ‑кце, м.
Розум, здольнасць чалавека мысліць, разважаць. Тонкі інтэлект. □ [Чалавек], які ўдасканальвае свой інтэлект, імкнецца самага добрага, светлага.. — ён, сапраўды самы прыгожы. Дубоўка. // Узровень разумовага развіцця. Чалавек вялікага жыццёвага вопыту і багатага інтэлекту. Адам Юр’евіч вельмі сур’ёзна ставіўся да выхавання дзяцей. Майхровіч.
[Лац. intellectus.]
інтэлектуа́л, ‑а, м.
Пра чалавека з высока развітым інтэлектам, а таксама пра чалавека разумовай працы. [Каладкевіч] — чалавек-легенда, інтэлектуал, важак, асоба ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Мехаў. Нідзе ва ўсім.. горадзе так не ішлі кнігі і часопісы, як у гэтым інстытуце. «У нас — інтэлектуалы», — з гордасцю сказаў прарэктар. Шамякін.
інтэлектуалі́зм, ‑у, м.
1. Кніжн. Насычанасць думкамі, ідэямі; філасофская змястоўнасць.
2. У псіхалогіі — ідэалістычны напрамак, які абсалютызуе інтэлектуальныя працэсы, адрываючы іх ад жыццёвай асновы і агульна-гістарычнай практыкі.
інтэлектуалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Паслядоўнік інтэлектуалізму (у 2 знач.).
інтэлектуа́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць інтэлектуальнага.
інтэлектуа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да інтэлекту; разумовы, духоўны. Інтэлектуальныя сілы народа. Інтэлектуальнае жыццё. Інтэлектуальная праца.
інтэліге́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Асоба, якая належыць да інтэлігенцыі; чалавек разумовай працы. Хрысцюк лічыў сябе інтэлігентам. У яго разумовая праца. Дуброўскі.
[Ад лац. intelligens, intelligentis — які разумее, ведае; спецыяліст.]
інтэліге́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да інтэлігент.
інтэліге́нтнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць інтэлігентнага (у 2, 3 знач.). Сапраўдная інтэлігентнасць у яе лепшым разуменне, высокая культура ў вялікай ступені ўласцівы Шэмету як кіраўніку. Бугаёў. // Далікатнасць у абыходжанні. [Іра] рашуча адхіліла маё замілаванне і зноў сказала: — Ты, як той мядзведзь. Няма ў цябе інтэлігентнасці. Сабаленка.
інтэліге́нтны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да інтэлігента, да інтэлігенцыі. Інтэлігентная праца.
2. Уласцівы інтэлігенту, інтэлігенцыі. Інтэлігентны выгляд. □ За сталамі на ўслонах сядзелі хораша апранутыя маладыя і сталыя людзі інтэлігентнага аблічча. Лось.
3. Адукаваны, культурны. Інтэлігентная сям’я. □ Камандзірам гэтага ўзвода быў Усевалад Жастоўскі, чалавек вельмі памяркоўны, ветлівы, інтэлігентны. Кулакоўскі.