стае́нны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны для выезду, на якім не працуюць (пра каня). Зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацвёркі стаенных коней. Гартны. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі.
ста́ер, ‑а, м.
Спартсмен, які спецыялізуецца ў бегу ці гонках на доўгія дыстанцыі.
[Англ. stayer — вынослівы чалавек.]
ста́ерскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стаера. Стаерскія дыстанцыі.
стаж, ‑у, м.
1. Тэрмін, на працягу якога чалавек працуе або набывае спецыялізацыю. Працоўны стаж. Вытворчы стаж. □ І вось што цікава, і гэта трэба адзначыць, хлопцы, — гаварыў Міхась Лабада, настаўнік з пяцігадовым стажам, — сярод нашых мікуцічан ніводнага злодзея. Колас. // Тэрмін знаходжання ў якой‑н. грамадскай арганізацыі. Прафсаюзны стаж. Партыйны стаж.
2. Набыццё практычнага вопыту асобай, якая толькі што пачала працаваць; вытворчая практыка навучэнцаў. Праходзіць выпрабавальны стаж.
•••
Кандыдацкі стаж — выпрабавальны тэрмін пры ўступленні ў члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
[Фр. stage.]
стажа́р, ‑а, м.
1. Уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог. [Другі спадарожнік:] — Дык гэта Сымонаў хутар? А дзе ж яго гумно? — Вунь там, мусіць, — паказаў першы рукой убок, за хату, дзе тырчаў голы стажар. Галавач.
2. звычайна мн. (стажа́ры, ‑жар). Народная назва групы з блізка размешчаных зорак у сузор’і Цяльца. Ночкай вынікнуць стажары, І бяздонныя амшары Зоркі высцелюць руном. Колас.
стажа́р’е, ‑я, н.
Аснова стога; подсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці. Сена было знесена і акуратна складзена вакол стажар’я, якое было насцелена каля ацярэбленай бярозы. Пташнікаў.
стажа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Разм. Складаць, кідаць сена ў стагі. / у вобразным ужыв. Мярэжкамі пена Плыла ля паэта. Стажарыла сена Прыгоннае лета. Калачынскі.
стажа́рышча, ‑а, н.
Разм. Тое, што і стажар’е. Стажка не было. Адно толькі стажарышча .. чарнелася засохлымі дубовымі галінкамі. Колас.
стажо́к, ‑жка, м.
1. Памянш. да стог. Журдовіч выйшаў за сядзібныя будынкі, трымаючы кірунак на гароды. Каля самага прыгумення пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.
2. перан. Вялікая колькасць, кучка складзеных разам прадметаў. Само свята пачынаецца, вядома, не тады, як убачыш на стале стажок бліноў, латушку смятаны і чарку-другую гарэлкі. Рылько.
стажо́р, ‑а, м.
Той, хто праходзіць стажыроўку дзе‑н. [Трыпут:] — Бяру цябе ў стажоры. І бяру абавязацельства: за дзень вывучыць спецыяльнасці шафёра... Савіцкі.