Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ста́дыя, ‑і, ж.

Перыяд, этап у развіцці чаго‑н., які мае свае якасныя асаблівасці. Імперыялізм — апошняя стадыя капіталізму. Туберкулёз у апошняй стадыі. □ Але ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі і так узбуджае эмоцыі, што на хвіліну да мяне нават вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Карпюк. Эндшпілем называецца заключная стадыя [шахматнай] партыі. «Маладосць».

•••

Светлавая стадыя — стадыя развіцця расліны, у праходжанні якой вядучую ролю адыгрываюць умовы асвятлення.

стадыя́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Наяўнасць стадый у чым‑н. Стадыяльнасць развіцця.

стадыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да стадыі; які адбываецца па стадыях. Стадыяльны працэс. Стадыяльная тэорыя.

стае́ннік, ‑а, м.

Конь, якога трымаюць на стайні для выезду. [Дзед Аніська:] — Меў .. [граф Чапскі] пару стаеннікаў, мо па тысячы рублёў кожны. Як выедзе, дык зямля ўгінаецца. Лужанін. Лёгка і грацыёзна нёсся на тонкіх зграбных нагах сівы ў яблыкі стаеннік. Машара.

стае́нны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны для выезду, на якім не працуюць (пра каня). Зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацвёркі стаенных коней. Гартны. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі.

ста́ер, ‑а, м.

Спартсмен, які спецыялізуецца ў бегу ці гонках на доўгія дыстанцыі.

[Англ. stayer — вынослівы чалавек.]

ста́ерскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стаера. Стаерскія дыстанцыі.

стаж, ‑у, м.

1. Тэрмін, на працягу якога чалавек працуе або набывае спецыялізацыю. Працоўны стаж. Вытворчы стаж. □ І вось што цікава, і гэта трэба адзначыць, хлопцы, — гаварыў Міхась Лабада, настаўнік з пяцігадовым стажам, — сярод нашых мікуцічан ніводнага злодзея. Колас. // Тэрмін знаходжання ў якой‑н. грамадскай арганізацыі. Прафсаюзны стаж. Партыйны стаж.

2. Набыццё практычнага вопыту асобай, якая толькі што пачала працаваць; вытворчая практыка навучэнцаў. Праходзіць выпрабавальны стаж.

•••

Кандыдацкі стаж — выпрабавальны тэрмін пры ўступленні ў члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

[Фр. stage.]

стажа́р, ‑а, м.

1. Уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог. [Другі спадарожнік:] — Дык гэта Сымонаў хутар? А дзе ж яго гумно? — Вунь там, мусіць, — паказаў першы рукой убок, за хату, дзе тырчаў голы стажар. Галавач.

2. звычайна мн. (стажа́ры, ‑жар). Народная назва групы з блізка размешчаных зорак у сузор’і Цяльца. Ночкай вынікнуць стажары, І бяздонныя амшары Зоркі высцелюць руном. Колас.

стажа́р’е, ‑я, н.

Аснова стога; подсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці. Сена было знесена і акуратна складзена вакол стажар’я, якое было насцелена каля ацярэбленай бярозы. Пташнікаў.