легкаву́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Легкавы аўтамабіль. Пад шкляны ганак канторкі ціха і лёгка падкаціла новенькая легкавушка. Адамчык.
легкавы́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для перавозкі невялікай колькасці пасажыраў, ручнога багажу. Легкавы аўтамабіль. □ Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка.
легкаду́м, ‑а, м.
Разм. Чалавек, які дзейнічае легкадумна. Калі чалавек просіць падумаць, значыцца ён не проста які шалапут, легкадум, а чалавек сур’ёзны. Лынькоў.
легкаду́мнасць, ‑і, ж.
Несур’ёзнасць, нясталасць у паводзінах. Легкадумнасць паводзін. Дзіцячая легкадумнасць. □ Глыбока ў душы я абураўся за легкадумнасць людзей, якія бяруцца за справу, распачнуць яе, а потым пускаюць на волю лёсу. Ракітны.
легкаду́мны, ‑ая, ‑ае.
Які дзейнічае без дастатковага разважання; несур’ёзны. [Паддубны:] — Каго ты выбраў? Гэта ж нейкі легкадумны балбатун, не відаць у ім пачуцця адказнасці... Пестрак. // Несур’ёзны, нясталы; ветраны. Легкадумная дзяўчына. // Які адбываецца без дастатковага разважання, неабдумана. Легкадумны ўчынак. □ [Ярмоленка] ніколі не прымаў легкадумных рашэнняў: заўсёды любіў сем разоў узважыць, памеркаваць, паслухаць людзей. Шчарбатаў. // Пусты, несур’ёзны, павярхоўны. Легкадумнае меркаванне.
легкаду́мства, ‑а, н.
Тое, што і легкадумнасць.
легкакры́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Хуткі ў палёце, у рухах. Легкакрылая чайка. Легкакрылыя матылькі.
2. перан. Паэт. Зменлівы, няўстойлівы, мімалётны. Па-над сонным сялом, над заводамі Праляцеў легкакрылы Май. Лявонны. Скуль ты, вецер легкакрылы, Адкажы? Калі можаш, майму гору Памажы... Васілёк.
легкано́гі, ‑ая, ‑ае.
Хуткі, лёгкі ў хадзе, бегу, танцы.
легкапла́ўкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць легкаплаўкага; здольнасць плавіцца пры параўнальна невысокай тэмпературы.
легкапла́ўкі, ‑ая, ‑ае.
Які плавіцца пры параўнальна невысокай тэмпературы. Легкаплаўкія металы.