Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лапухо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лопуху. Лапуховы ліст.

лапу́шнік, ‑у, м., зб.

Зараснік лопуху. У пяску, каля конавязі, грэбліся папоўскія індыкі, ды ў густым лапушніку рохкаў сыты падсвінак. Грахоўскі.

лапушны́, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і лапушысты. На лугавых нізінах сям-там яшчэ стаяла вада, а над ёю лапушнымі кусцікамі жаўцела лотаць, рассцілаючы буйныя лісты. Колас.

лапушы́сты, ‑ая, ‑ае.

Шыракалісты, падобны на ліст, лісце лопуху. Вецер зашумеў у лісці драў, першыя буйныя кроплі дажджу рабілі на дарозе пыл, зашамацелі па лапушыстай капусце. Дайліда. Цыбатая галава сланечніку рассунула ў кутку дошкі, узнялася, паклала на жалезную перакладзіну лапушыстае лісце. Савіцкі.

лапушы́цца, ‑шыцца; незак.

Разм. Пышна разрастацца, выпускаць многа лісця. Роўнымі зялёнымі барознамі лапушылася бульба. Броўка. Каля абломкаў цагляных сцен пышна лапушылася крапіва. Хадкевіч.

ла́пцевы, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да лапця, лапцей. Лапцевыя лыкі.

ла́пцік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да лапаць ​1.

лапцю́жнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто носіць лапці; селянін-бядняк. Калачык стаяў перад вачамі — звычайны чалавек, бядак, лапцюжнік, галодны Сцяпан... Чарнышэвіч. // перан. Пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

лапцю́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да лапцюжніка.

лапцю́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Бедны, адсталы. Браткі-таварышы! У машынным гудзе Не будзе Беларусь Лапцюжнаю стаяць. Хведаровіч. // Цяжкі, жабрацкі (пра лёс, долю і г. д.). Лапцюжная доля. □ Дзед заплятае аборы, Лёс свой лапцюжны кляне. Калачынскі.