ко́ршак, ‑а і карша́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і ястраб. Высока-высока ў небе, распластаўшы крылы, кружыў коршак. Даніленка. Толькі адзін Андрэй адважваўся ўзлезці на самую верхавіну дуба і, пакуль старыя каршакі гойсалі дзе-небудзь, шукаючы здабычы, пабраць каршачанят у кішэню. Лобан.
ку́рчыцца і ко́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
1. Сціскацца ўсім целам, скручвацца (ад холаду, болю і пад.). Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Колас. [Хлопец] быў ранены ў ногі і ў жывот і вельмі пакутліва курчыўся ў агоніі, сілячыся штосьці сказаць непаслухмяным языком. Мележ. У жыце, схапіўшыся за нагу, корчыўся Вано. Няхай.
2. Рабіцца няроўным, пагнутым; крывіцца, выгінацца. [Машыніст] саскочыў на зямлю, пераступіў цераз разарваны тэлефонны провад, што курчыўся на снезе. Мележ. На агні адставала ад дрэва кара; шэрая, яна корчылася, што гадзюка, і з яе капала вада. Пташнікаў.
ку́рчыць і ко́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.
1. звычайна безас. Балюча зводзіць мышцы цела. Яго ўсяго курчыць. □ Будзе хвароба іх цела корчыць. Куляшоў. // перан. Разм. Выклікаць вельмі непрыемныя пачуцці. Калі .. [Сцяпан] чуў у хаце слова «млын» — яго адразу пачынала курчыць. Ракітны.
2. Згінаць, падгінаць. Ногі мае босыя, і я ад роснай золкасці, ідучы, курчу на нагах пальцы. Баранавых.
3. (корчыць); каго. Разм. Прыкідвацца кім‑н., строіць з сябе каго‑н. Уладусь корчыў з сябе шляхціца. Чарнышэвіч. [Арэхаў] быў мацнейшы, больш загартаваны і ўвесь час стараўся корчыць з сябе інтэлігента. Няхай.
•••
Лодара корчыць — гуляць, бяздзейнічаць.