Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. што. Стукнуўшы, разбіць. Кокнуць талерку. Кокнуць яйцо. // без дап. Трэснуць, лопнуць. Шклянка кокнула.

2. каго. Забіць, знішчыць. — А гэта не зброя? Сем паліцаяў кокнем, вось табе сем вінтовак. Навуменка.

кокс, ‑у, м.

Від цвёрдага паліва, якое атрымліваецца з каменнага вугалю або торфу шляхам прагравання іх без доступу паветра.

[Ням. Koks.]

кокса...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «коксавы», «кокс», напрыклад: коксакамбінат, коксагенератарны.

ко́ксавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да коксу. Коксавая вытворчасць. // Прызначаны для каксавання. Коксавыя батарэі. Коксавая печ.

•••

Коксавы газ гл. газ.

коксахімі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хімічнай перапрацоўкі каменнага вугалю шляхам каксавання. Коксахімічны завод.

коксахі́мія, ‑і, ж.

Вытворчасці заснаваная на перапрацоўцы каменнага вугалю шляхам каксавання.

кок-сагы́з, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая каўчуканосная расліна сямейства складанакветных.

[Цюрк.]

кол 1, кала, м.

1. Палка, шост з завостраным канцом. Сымон уваткнуў сякеру ў калоду, на якой часаў калы. Чарнышэвіч. Сапёры размотвалі скруткі калючага дроту, забівалі ў зямлю калы. Хомчанка. // Усякая доўгая палка. Сабака пачаў агрызацца, і Сімон, схапіўшы кол, пачаў ганяць яго па двары. Самуйлёнак.

2. Разм. Самая нізкая школьная адзнака; адзінка. Атрымаць кол па дыктанту.

•••

Забіць асінавы кол гл. забіць.

Калом стаяць гл. стаяць.

Калом яму зямля гл. зямля.

Пасадзіць на кол гл. пасадзіць.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

У віру на калу гл. вір.

Хоць кол на галаве чашы каму гл. часаць ​2.

(Яго) і калом не заб’еш гл. забіць.

Як сарока на калу гл. сарока.

кол 2, кала, м.

Даўнейшая мера ворнай зямлі.

•••

Ні кала ні двара ў каго — нічога няма.

ко́ла, ‑а, н.

1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ.

2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі. Асіпенка.

3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле. Скрыпка. Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла. Адамчык.

4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

5. перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу. Бярозкін.

6. перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.

7. перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася. Лынькоў.

8. звычайна мн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.

9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола. «Беларусь». // Фігура ў танцы.

•••

Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.

Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.

Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

ко́лавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кола. Колавы след.

2. Які перамяшчаецца з дапамогай колаў. Колавы трактар. Колавы параход.