верацяно́, ‑а; мн. верацёны, ‑цён; н.
1. Прылада для ручнога прадзення ў выглядзе круглай драўлянай палачкі з завостранымі канцамі, патоўшчанай унізе. Гаворыць старая кабета павольна — скрыпучым голасам, слініць нітку, круціць сухімі пальцамі верацяно. Чорны. // Асноўная частка прадзільных машын, прызначаная для навівання нітак. Прадзільнае верацяно.
2. Шпень, які з’яўляецца воссю вярчэння частак якіх‑н. механізмаў; вал.
верацярпі́масць, ‑і, ж.
Прызнанне права на свабоднае веравызнанне. Праяўляць верацярпімасць.
верацярпі́мы, ‑ая, ‑ае.
Які прызнае права свабоднага вызнання любой рэлігіі.
верашча́ка, ‑і, ДМ ‑шчацы, ж.
Рэдкая мучная страва з мясам, каўбасой і рознымі прыправамі. Тым часам маці даставала Чыгунчык з печы, лыжку брала І верашчаку налівала. Колас.
верашча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. верашчаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
верашча́ць, ‑шчу́, ‑шчы́ш, ‑шчы́ць; незак.
Віскліва з пералівамі пішчаць, гучаць; трашчаць, стракатаць. — Як то можа быць! — верашчаў ён [прамоўца] пісклявым, але рэзкім, чутным голасам. Гарэцкі. На фурманках парасяты ў мяшках верашчаць, кудах[чуць] куры ў кошыках. Галавач. Недзе паблізу лязгалі буферы, пасвістваў манеўравы паравоз-кукушка, верашчаў свісток счэпшчыка. Карпаў.
вербава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вербаваць.
вербава́цца, вярбуюся, вярбуешся, вярбуецца; незак.
1. Наймацца на працу, службу.
2. Зал. да вербаваць.
вербава́ць, вярбую, вярбуеш, вярбуе; незак., каго.
Набіраць, наймаць людзей на якую‑н. працу, схіляць да ўступлення ў якую‑н. арганізацыю. Вербаваць рабочых на лесараспрацоўкі. □ Школа існавала ўжо некаторы час, але карысці з яе не было, бо людзі, якія ў ёй вучыліся, кідалі гэтую нязвыклую ім справу, ледзьве пабыўшы ў ёй тыдзень або найбольш два. Вербавалі тады новых «вучняў». Чорны. Прысуду і кары яшчэ патрабуем Злачынцам праклятым, што ночы і дні Разбой ухваляюць, забойцаў вярбуюць Да новай крывавай сусветнай вайны. Танк.
[Ад ням. werben — шукаць, дамагацца.]
вербало́з, ‑у, м.
Куст ці дрэва сямейства вярбовых. Кусты вербалозу на берагах стаялі ўжо голыя. Карпаў. Дзесьці залівалася баязліва жаўна, ды ў вербалозах цяжка стагнаў гурок. Хомчанка.