Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

будзі́льнік, ‑а, м.

Гадзіннік са спецыяльным заводам для падачы званка ў патрэбны час. Несцяровіч вярнуўся ў пакой. .. Павесіў трубку, навёў будзільнік на сем гадзін раніцы і кінуўся ў пасцель. Чорны.

будзі́цца, буджуся, будзішся, будзіцца; незак.

Прачынацца ад сну. Я разам прывык са світаннем Будзіцца і крочыць шляхамі. Танк. // перан. Узнікаць, з’яўляцца, праяўляцца. У .. душы [Юлькі] будзіцца разам і герой і артыстка. Бядуля. Нас вёў сам мастак, і разам рэхам будзіліся, ішлі ўспаміны. Ліс.

будзі́ць, буджу, будзіш, будзіць; незак., каго-што.

1. Перабіваць чый‑н. сон, спакой, прымушаць прачнуцца. Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара. Колас. Ужо дзед яго [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка. Умела .. [Рагіна] слаць пасцель, умела яна і будзіць — голас у яе ветлы і чысты. Адамчык. // Абуджаць што‑н. у каго‑н. Жалейка! Тоненькі галасочак яе з рознымі адценнямі гучыць у прасторы, будзіць .. нейкія патаемныя струны душы. С. Александровіч. Зямля.. — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Чорны.

2. перан. Выклікаць да жыцця, дзейнасці. Ці ёсць сіла, каб зацьміла Сонца яснага прамені, Што краіну будзяць мілую Да жыцця, да адраджэння. Васілёк.

бу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая, часцей драўляная пабудова для вартаўніка, паставога і інш. Сябры тым часам сквер мінулі, Налева ўгору павярнулі; Тут з будкі стораж іх спыняе: — Куды ідзяце? — сяброў пытае. Колас.

2. Збітае з дошак жыллё для сабакі. Юрка пастукаў у вароты. З будкі выскачыў і, рвучыся з ланцуга, кінуўся да весніц калматы ваўкадаў з ашчэранай пашчай. Курто.

бу́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і будзённы (у 1 знач.). Чую звон я нудны, Рэдкі, невясёлы. Дзень сягоння будны, Не святкуюць сёлы. Колас. Руту-мяту палівала [дзяўчына] У будны дзень і ў свята... Трус.

будо́ва, ‑ы; Р мн. ‑доў; ж.

1. Узаемнае размяшчэнне і сувязь састаўных частак, элементаў чаго‑н.; унутраная структура. Будова Сусвету. Будова атама. Будова гор. Будова механізма.

2. Тое, што будуецца; будынак, пабудова. За працу майстры атрымліваюць лес для будовы. Брыль. На ўзгорку, перад Тамашом, як на далоні, раскінуліся новыя будовы калгаса. Гурскі.

будо́ўля, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. будаваць (у 1 знач.); будаўніцтва.

2. Будынак, збудаванне, будаўнічы аб’ект, а таксама тэрыторыя, дзе што‑н. будуецца. Высачэзны пад’ёмны кран з зашклёнай кабінай працягнуў рабрыстую стралу над будоўляй. Хадкевіч. А пакуль што гойдаюць сасоннік За Дзвіной асеннія вятры, Слухаюць пры вогнішчы гармонік Полацкай будоўлі жыхары. Калачынскі.

будуа́р, ‑а, м.

Уст. Маленькая гасціная багатай жанчыны для прыёму найбольш блізкіх знаёмых. [Чарноцкі:] (з успышкай хвалявання) Тады, перад выездам, у самую апошнюю хвіліну, яна, нябожчыца, села за фартэпіяна, каб развітацца назаўсёды з усім тым... родным... вечным... Але .. [Міхалковіч] раптам увёў у яе будуар натоўп мужыкоў... Чорны. // Абсталяванне, мэбля такога пакоя. Будуар з чырвонага дрэва.

[Фр. boudoir.]

будуа́рны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да будуара. Будуарная мэбля.

бу́дучы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае наступіць, адбыцца. Там гавораць аб будучым шчасці сваім, Аб сумесным жыцці, аб жыцці маладым. Куляшоў. // Наступны. Будучы год. Будучай вясною.

2. Такі, які рыхтуецца, павінен стаць тым, кім яго называюць. Старая маці Зоські спагадна на .. [Сымона] паглядала, як на будучага зяця. Бядуля. [Кастусь] не мог зразумець, чаму так груба і зняважліва адносяцца педагогі да сваіх выхаванцаў — будучых настаўнікаў. С. Александровіч.

3. Дзеепрысл. цяпер. ад быць.

4. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Час, які ідзе ўслед за цяперашнім; сукупнасць наступных падзей. [Сакратар абкома:] — А ты глядзі наперад, Васіль Мінавіч, у будучае заглядвай. Шамякін.

5. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Доля, лёс; кар’ера. Будучае маладога настаўніка. Будучае артыста.

•••

Будучы час гл. час.

У будучым — у далейшым, потым.