будзіць, буджу, будзіш, будзіць; незак., каго-што.

1. Перабіваць чый‑н. сон, спакой, прымушаць прачнуцца. Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара. Колас. Ужо дзед яго [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка. Умела .. [Рагіна] слаць пасцель, умела яна і будзіць — голас у яе ветлы і чысты. Адамчык. // Абуджаць што‑н. у каго‑н. Жалейка! Тоненькі галасочак яе з рознымі адценнямі гучыць у прасторы, будзіць .. нейкія патаемныя струны душы. С. Александровіч. Зямля.. — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Чорны.

2. перан. Выклікаць да жыцця, дзейнасці. Ці ёсць сіла, каб зацьміла Сонца яснага прамені, Што краіну будзяць мілую Да жыцця, да адраджэння. Васілёк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)