балансава́цца, ‑суецца; незак.
Зал. да балансаваць (у 2, 3 знач.).
балансава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
1. Захоўваць раўнавагу пры дапамозе рухаў цела. [Вано] стаяў на адной назе, .. у правай руцэ трымаў маленькія восці, левай злёгку балансаваў у паветры. Самуйлёнак. // перан. Прыстасоўвацца. Больш за чатыры месяцы балансаваў Заслонаў між падазронасцю ворагаў і незразумелым здзіўленнем тых, што лічылі яго за свайго. «Беларусь».
2. Спец. Падводзіць баланс 1 (у 2 знач.).
3. што. Спец. Прыводзіць у адпаведныя суадносіны ўзаемазвязаныя часткі чаго‑н. Балансаваць састаўныя элементы ў кармавым рацыёне.
4. што. Спец. Ураўнаважваць вярчальныя дэталі машын, механізмаў. Балансаваць дэталі.
бала́нсавы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да балансу 1 (у 2, 3 знач.). Балансавая справаздача.
бала́нсавы 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да балансу 2 (у 1 знач.). Балансавая драўніна.
балансёр, ‑а, м.
Цыркавы артыст-акрабат, які ходзіць па канаце.
балансёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да балансёр.
балансі́р, ‑а, м.
1. Доўгі шост, пры дапамозе якога акрабат захоўвае раўнавагу на канаце.
2. Рычаг у машыне, які перадае рух ад адной часткі да другой, а таксама рэгулятар у механізме гадзінніка, які замяняе маятнік.
[Фр. balancier.]
балансі́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да балансіра.
бала́ст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Груз, які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля, а таксама груз для рэгулявання вышыні палёту аэрастата. Скінуць баласт. // Дамешка да лёгкага, дробнага насення або мінеральнага ўгнаення, якая забяспечвае раўнамерны пасеў.
2. перан. Пра што‑н. лішняе, непатрэбнае. Кнігі такога парадку, не асветленыя ўласным бачаннем і перажываннем, а выдуманыя ад пачатку да канца, — цяжкі баласт. Лужанін. // Пра чалавека, які не прыносіць карысці. [Нявідны:] — Задача сходу — разгарнуць работу.. Арганізаваць партызанскі актыў, іначай вы не людзі змагання,.. а мёртвы баласт. Колас.
3. Спец. Верхні слой чыгуначнага палатна з шчэбеню, гравію, шлаку, які надае ўстойлівасць рэйкавай каляі. А вось.. насып пачаў прасадку даваць... Баластам выціскае гэты грунт... Шынклер.
[Гал. ballast.]
баластава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. баластаваць.
баластава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да баластаваць.