азбе́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Вогнетрывалы мінерал валакністай будовы, які шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы; горны лён. Радовішча азбесту. Здабыча азбесту.
[Грэч. asbestos — незгасальны, пастаянны.]
азбе́ставы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да азбесту. Азбеставы завод. // Зроблены з азбесту. Азбеставыя трубы.
а́збука, ‑і, ДМ ‑буцы, ж.
1. Сукупнасць літар якой‑н. пісьменнасці, размешчаных у пэўным парадку; алфавіт.
2. Вучэбны дапаможнік для пачатковага навучання грамаце; буквар.
3. перан. Прасцейшыя палажэнні якой‑н. навукі, справы; аснова чаго‑н. Вядома, таварышы новаіскраўцы, мы вельмі цэнім азбуку сацыял-дэмакратыі, але мы не хочам заставацца вечна на адной азбуцы. Ленін.
•••
Азбука Морзе — сістэма ўмоўных знакаў для перадачы літар на тэлеграфным апараце.
Нотная азбука — сістэма нотных знакаў, якія служаць для перадачы музычных гукаў.
азбуко́ўнік, ‑а, м.
Уст. У старой беларускай і рускай пісьменнасці — род тлумачальнага філалагічнага і энцыклапедычнага слоўніка. Л. Зізаній і П. Бярында не толькі былі знаёмы з Ноўгарадскімі азбукоўнікамі, але і карысталіся імі пры ўкладанні сваіх слоўнікаў. Суднік. Да асобных помнікаў прыкладаліся цэлыя слоўнічкі — так званыя азбукоўнікі, пазней — алфавіты, а затым лексіконы. Шакун.
а́збучны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы азбуцы. Азбучны парадак. Азбучныя малюнкі.
2. перан. Агульнавядомы, агульнапрыняты. Азбучная ісціна. Азбучнае палажэнне.
азва́цца, азавуся, азавешся, азавецца; азавёмся, азавяцеся; зак.
Разм. Тое, што і абазвацца. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Недзе забрэша сабака, азавецца другі на гэты халаднаваты брэх і сціхне, залезшы ў будку. Скрыган.
азвярэ́ласць, ‑і, ж.
Стан азвярэлага. Мацвеевы вочы гарэлі раптоўнай азвярэласцю. Чорны.
азвярэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Злы, шалёны, раз’юшаны. Азвярэлыя карнікі палілі навакольныя вёскі, расстрэльвалі жанчын, дзяцей. Шамякін.
азвярэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Страціць чалавечыя якасці; зрабіцца шалёным, раз’юшаным; набыць звярынае аблічча; звар’яцець. [Паніч:] Ты, мой міленькі, азвярэў і не помніш сам, што кажаш. Купала.
азгле́лы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і асклелы. // перан. Агідны, паскудны. Той век нам спадчыну пакінуў, Азглелы век, струхлелы свет, Мяжой цераз усю краіну Нядоля праарала след. Лужанін.