Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усхлі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да усхліпваць.

усхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. З’яўленне над гарызонтам (нябеснага свяціла, зары). Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла. Люблю ўсход твой ясны сустракаць... Пушча. Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Бядуля. // Час, калі сонца ўзыходзіць, падымаецца над лініяй гарызонта. Даніла ў гэты дзень устаў яшчэ да ўсходу сонца. Краўчанка. // Частка гарызонта, дзе ўзыходзіць сонца. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядала ярме сонца. Бяганская. Калі мы выязджалі з двара, на чыстым ясным усходзе ўжо зацяплілася неба. Якімовіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у тон час, калі ўзыходзіць сонца. Штодня глядзеў я, Безнадзейны, На ўсход і захад залаты. Колас.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду. Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. Шамякін. // Напрамак, процілеглы захаду. [Жанчына:] — Учора двое сыноў у ваенкамат пайшлі: Платон і Гараська. Думала, на станцыі пабачуся з імі яшчэ разочак.. Але дзе там, на станцыі нікога. На ўсход усе падаліся... Кавалёў. Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Грахоўскі.

3. Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку. Усход краіны за кароткі тэрмін быў ператвораны ў асноўную базу ваенна-прамысловай вытворчасці. «Звязда».

4. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе. Блізкі Усход. Сярэдні Усход. Далёкі Усход.

•••

Паўднёвы ўсход — а) напрамак паміж поўднем і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны ўсход — а) напрамак паміж поўначчу і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

усхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Верхняя больш высокая частка ступні; пад’ём. Боты ціснуць на ўсходзе.

усходазна́вец, ‑знаўца, м.

Спецыяліст у галіне ўсходазнаўства.

усходазна́ўства, ‑а, н.

Сукупнасць навук, якія вывучаюць гісторыю, эканоміку, мову, культуру і пад. краін Усходу.

усходазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да усходазнаўства. Усходазнаўчае аддзяленне універсітэта.

усхо́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да усходаў ​2. Усходачныя прыступкі.

усхо́джасць, ‑і, ж.

Здольнасць насення прарастаць, усходзіць. Праверыць насенне на ўсходжасць.

усхо́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да усхадзіцца.

усхо́джы, ‑ая, ‑ае.

Здольны прарастаць, даваць усходы. Усходжае насенне.

усхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да узысці (у 1 знач.).