ла́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак., да каго і без дап.
З ласкаю гарнуцца да каго‑н.; старацца ласкай выклікаць ласку ў адказ. Сузан хадзіў на працу.. Дома быў негаваркі, агрызаўся нават на дзяцей, калі тыя спрабавалі лашчыцца да яго. Лынькоў. Лыска падскочыў да Грышкі, пачаў лашчыцца і лізаць яму рукі. Чарот. // Паддобрывацца да каго‑н., ласкаю, ліслівасцю старацца выклікаць прыхільнасць да сябе. [Андрэй:] — Людзі ашукваюць адзін другога за вочы, а ў вочы лашчацца адзін да другога, словы добрыя кажуць... Галавач.
ла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.
1. Праяўляць пяшчотнасць, любоў, ласку. [Чэсік] глядзеў, як пані старшыніха карміла грудзьмі малое дзіця, як яна лашчыла і пяшчотна цалавала Колю. Васілевіч. Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына. Лынькоў. // Пяшчотна дакранацца да каго‑, чаго‑н., гладзіць. Мне б сказаць табе той ноччу Нешта шчырае да мукі; Цалаваць да болю вочы, Вусны піць і лашчыць рукі. Панчанка. — Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала .. [Ядвіся] і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. Колас.
2. перан. Песціць, выклікаць прыемнае адчуванне. Сонца лашчыць твар. □ А калі дарога нырне ў доўгі лес, густое, прыветнае зацішша лашчыць душу, гоіць яе раны... Пестрак.
•••
Лашчыць вока — мець прывабны выгляд.
лая́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць лаяльнага; лаяльныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Лаяльнасць паводзін. Праявіць лаяльнасць.
ла́яльнік, ‑а, м.
Разм. Той, хто ўвесь час лаецца, любіць лаяцца. Тады ўжо ўсе цельшынцы і неслі свае грахі яшчэ больш грошнаму.. Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п’яніца і лаяльнік. Колас.
лая́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знешне захоўвае вернасць у адносінах да дзяржаўнай улады. // Які сведчыць аб такой вернасці. Лаяльны ўчынак.
2. Які карэктна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Шырокага лічылі іграком не зусім лаяльным, але аб гэтым яму ў вочы не казалі. Колас.
ла́янка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Абразлівыя, грубыя словы, выразы. Самая адборная і зняважлівая лаянка разлягалася па наваколлю. Паслядовіч. // Грубыя дакоры. Угледзеўшы Лібу, якая ў гэту хвіліну порстка ўварвалася з надворку ў хату, .. [маці] накінулася на дачку з востраю лаянкай. Гартны.
2. Сварка. Год пяцьдзесят дзед з бабай пражылі, Без лаянкі. Валасевіч.
ла́янкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лаянкі (у 1 знач.). Лаянкавыя словы.
ла́яцца, лаюся, лаешся, лаецца; заг. лайся; незак.
1. Гаварыць грубыя, абразлівыя, лаянкавыя словы. Лаяцца апошнімі словамі. □ — Каб цябе гром! Злыдзень бязногі! — лаяўся Ёсіп, выціраючы рукавіцай крысо ватоўкі. Дуброўскі.
2. з кім і без дап. Зневажаць адзін аднаго грубымі абразлівымі словамі; сварыцца. — Закаханыя лаюцца — толькі мілуюцца, — паспрабаваў пажартаваць Алег. Шыцік. Антось.. два дні з Ганнай лаяўся, а на трэці — ужо хацеў падаваць на яе ў суд. Скрыпка.
ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.
Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.