фатаграфі́зм, ‑у, м.
Вельмі дакладная, літаральная перадача каго‑, чаго‑н. у мастацкай творчасці з празмернай дэталізацыяй без абагульнення. Элементы фатаграфізму ў графіцы.
фатаграфі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фатаграфічнага.
фатаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фатаграфіі (у 1 знач.). Фатаграфічная прамысловасць. // Прызначаны для фатаграфіі, які служыць для фатаграфавання. Фатаграфічная пласцінка.
2. Атрыманы пры дапамозе фатаграфавання. Фатаграфічны партрэт. □ Убранства пакоя дапаўняла ці то карціна, ці то фатаграфічны здымак старой яўрэйскай сям’і. Мурашка.
3. перан. Такі, як пры фатаграфаванні; вельмі дакладны. Сустракаюцца ў ранніх творах Чорнага элементы натуралізму. Аўтар часам з фатаграфічнай дакладнасцю перадае пэўны жыццёвы факт, здарэнне або выпадак з чалавекам. Кудраўцаў. // Вельмі дакладны, натуралістычны. Фатаграфічнае адлюстраванне рэчаіснасці.
фатагра́фія, ‑і, ж.
1. Атрыманне вобразаў прадметаў на святлоадчувальных матэрыялах пры дапамозе аптычнага апарата пад уздзеяннем светлавых прамянёў. Каляровая фатаграфія. Маментальная фатаграфія. // Мастацтва, майстэрства ўзнаўлення каго‑, чаго‑н. такім чынам. Захапляцца фатаграфіяй.
2. Фатаграфічны адбітак каго‑, чаго‑н.; здымак. Напаследак спынілася.. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго даччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе. Зарэцкі. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак. // перан. Дакладная перадача чаго‑н. — Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. Колас.
3. Майстэрня, дзе займаюцца фатаграфаваннем. Не памятаю, з якой прычыны мы пайшлі ў фатаграфію зрабіць сямейны здымак. А. Александровіч.
4. чаго. Спец. Назіранне і фіксацыя якіх‑н. дзеянняў, падзей. Фатаграфія рабочага дня.
фаталі́зм, ‑у, м.
Кніжн. Вера ў непазбежны лёс. Марксісцкай ідэалогіі чужы не толькі гістарычны фаталізм, але і пасіўны аб’ектывізм у падыходзе да з’яў рэчаіснасці. Перкін.
[Ад лац. fatalis — наканаваны; фатальны.]
фаталі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Кніжн. Чалавек, які верыць у непазбежнасць лёсу. Баракаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. — Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла? [Князь:] — Я фаталіст. Трапіць дык трапіць. Караткевіч.
фаталі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Кніжн. Жан. да фаталіст.
фаталісты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фаталістычнага.
фаталісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фаталізму; заснаваны на фаталізме. Фаталістычнае бяздум’е ляжала на абліччы яго [дзеда]. Чорны.
2. Няўхільны, непазбежны.