фатагра́фія, ‑і, ж.
1. Атрыманне вобразаў прадметаў на святлоадчувальных матэрыялах пры дапамозе аптычнага апарата пад уздзеяннем светлавых прамянёў. Каляровая фатаграфія. Маментальная фатаграфія. // Мастацтва, майстэрства ўзнаўлення каго‑, чаго‑н. такім чынам. Захапляцца фатаграфіяй.
2. Фатаграфічны адбітак каго‑, чаго‑н.; здымак. Напаследак спынілася.. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго даччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе. Зарэцкі. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак. // перан. Дакладная перадача чаго‑н. — Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. Колас.
3. Майстэрня, дзе займаюцца фатаграфаваннем. Не памятаю, з якой прычыны мы пайшлі ў фатаграфію зрабіць сямейны здымак. А. Александровіч.
4. чаго. Спец. Назіранне і фіксацыя якіх‑н. дзеянняў, падзей. Фатаграфія рабочага дня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)