Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усхвалі́ць, ‑хвалю, ‑хваліш, ‑хваліць; зак., каго-што.

Расхваліць; праславіць.

усхвалява́насць, ‑і, ж.

Стан усхваляванага (у 2 знач.); хваляванне. У гэтым голасе было многа шчырасці, у ім была нейкая маладая ўсхваляванасць, што заўсёды падабалася гледачам і прыводзіла іх у захапленне. Шчарбатаў. На новае месца заўсёды пераязджаеш з пачуццём нейкай своеасаблівай усхваляванасці. Васілёнак.

усхвалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад усхвалявана.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане хвалявання. Леанід прыгадаў, як збіраўся на гэтае спатканне, усхваляваны, памаладзелы. Мележ. // Які выражае такі стан. Праз паўнадзіны з дыспетчарскага пакоя зноў ляцеў у эфір чысты і крышку усхваляваны галасок Люды. Хадкевіч.

усхвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Пакрыцца хвалямі. Мора ўсхвалявалася.

2. Прыйсці ў стан хвалявання, непакою; устрывожыцца. Нікіцін да таго ўсхваляваўся, што ніяк не мог прадаўжаць работу. Гурскі. Сцяпан пазнаў выратавальніцу брызентавай лодкі і чамусьці ўсхваляваўся. Дуброўскі.

усхвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.

1. і што. Прывесці ў рух паверхню чаго‑н.; выклікаць хвалі. Шторм усхваляваў возера. Вецер усхваляваў жыта.

2. каго. Прывесці ў стан хвалявання, непакою; устрывожыць. Расказ хлопчыка да слёз ўсхваляваў Марыну Мікалаеўну. Кавалёў. Шырокім шляхам прыляцела ў вёску чуткі аб рэвалюцыі. Яна ўсхвалявала людзей. Краўчанка.

усхваля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да усхваляць.

усхваля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да усхваліць.

усхлі́п, ‑у, м.

Гук, які ўтвараецца пры плачы. У вагоне пачуліся ўсхліпы жанчын. Ставер. Ядвіга Казіміраўна не адымала рук ад твару, плечы яе часта ўздрыгвалі, праз пальцы вырываліся пакутлівыя ўсхліпы. Шамякін. / у перан. ужыв. Міма хаты па вуліцы прайшлі хлопцы, бязладна рыпаючы гармонікам. На ўсхліпы басоў выскачыла Наста. Дуброўскі.

усхлі́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усхліпваць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Цішыня... Толькі чутны ціха ўсхліпванні прысутных ды прыглушаныя гукі вуліцы. Сяргейчык. Ноччу і ўсхліпванні старой Грыбіхі можа паказацца начлежніку крыкам набалелай душы. «ЛіМ». Плакаў Нік. Плач яго то сціхаў, пераходзячы ў палахліва ўсхліпванне, то ўзнімаўся з новай сілай. Лынькоў.

усхлі́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Сутаргава ўдыхаць паветра пры плачы. [Іза] уткнулася тварам у падушку, сціснула зубамі навалачку разам з насыпкай і доўга ўсхліпвала. Пальчэўскі. Хлапец яшчэ плакаў слабенькія ахрыплым галаском, а дзяўчо толькі ўсхліпвала зрэдку ды трэслася ўсім целам. Крапіва.