лахма́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае доўгую, густую поўсць; касматы. З кустоў, віляючы хвастом, выйшаў вялікі лахматы сабака. Скрыпка. // Зроблены са скуры з доўгай і густой шэрсцю. Лахматая шапка. Лахматы каўнер. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, а таксама вырабы з такіх тканін). Лахматая матэрыя. Лахматы ручнік.
2. З доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі. Стары цыган Ляксей ляжаў пад сасною, палажыўшы лахматую галаву на корань. Каваль. // перан. Разм. Густы, кучаравы; з няроўнымі галінкамі, лістамі (пра расліны). Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Панчанка.
лахма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑меціцца; незак.
Разм.
1. Станавіцца лахматым. Валасы лахмацяцца ад ветру.
2. Зал. да лахмаціць.
лахма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.
Разм. Рабіць лахматым. Лахмаціць прычоску.
лахма́ч, ‑а, м.
Разм. Пра чалавека з лахматымі ўскудлачанымі валасамі ці пра жывёл з густой касматай поўсцю; касмач.
лахмо́цце, ‑я, н., зб.
1. Старое, паношанае або падранае адзенне. Вецер торбачкі іх трос, Як шалёны, выў, смяяўся, Біў у твар і з ног скідаў Ды ў лахмоцце забіраўся. Колас.
2. Шматкі, абрыўкі чаго‑н. [Жэня:] — Вечна ў цябе ад карткі застаецца адно лахмоцце... Васілевіч. Над возерам навісае лахмоцце цёмна-шэрых восеньскіх хмар. Галавач.
лацве́й, прысл.
Разм. Лепей, зручней, ямчэй. Мы пастаялі, памеркавалі, як лацвей дабрацца да .. скрыжавання. Сачанка. На людзях і радавацца лацвей. Сабаленка.
ла́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і лата 2. Там, уверсе, пад лацінамі, гнёзды ластавак. Брыль.
лаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Лацінскі алфавіт, лацінскае пісьмо. Газета «Наша ніва», друкавалася адначасова кірыліцай і лацінкай. «Полымя».
лаці́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Старажытнага Рыма, да рымлян. Лацінская мова. Лацінская прыказка.
2. Уст. Каталіцкі. Лацінская царква.