Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лаўса́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаўсану. // Выраблены з лаўсану, з лаўсанам. Лаўсанавыя тканіны.

лаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Знаходзіць зручны момант, каб спрытным рухам зрабіць што‑н. Нічыпар стаяў напагатове. Ён перагнуўся цераз балясіну, лаўчыўся падсунуць сачок пад рыбіну. Асіпенка. // перан. Дасягаць якой‑н. мэты пры дапамозе розных хітрыкаў; ухітрацца. Прыходзілася выкручвацца, лаўчыцца, каб расказаць усё і ў той жа час сёе-тое і змаўчаць. Колас.

лафа́, ‑ы, ж.

Разм.

1. Выгода. [Харытон Ігнатавіч:] — Ты пераязджаеш жыць да мяне! Неадкладна, не трацячы часу.. І не думай, Сенечка, і не гадай, а .. давай згоду. Такая лафа можа надарыцца раз у жыцці. Васілёнак.

2. у знач. вык., каму. Добра шанцуе. Дзе ёсць разявы, Шаптунам лафа там, рай! Валасевіч.

[Ад араб. ūlūfa — салдацкае жалаванне.]

лафе́т, ‑а, М ‑феце, м.

Станок, на якім замацоўваецца ствол артылерыйскай гарматы. Салдат хутка авалодаў сабой, адчапіў лафет з перадка гарматы і даволі цвёрда загадаў таварышам: — Стаўце шчыткі! Карпюк.

[Ням. Lafette з фр.]

лафе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лафета.

лафі́т, ‑у, М ‑фіце, м.

Сорт чырвонага вінаграднай віна. Бутэлька лафіту.

[Фр. lafite — ад геагр. назвы.]

лаха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

У выразе: нырачная лаханка — частка ныркі, якая служыць для збірання мачы і пераходзіць непасрэдна ў мачаточнік.

ла́хі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Старое паношанае адзенне. «Эх ты, Лейба Яхніч!.. Новага кажуха не знасіў за век. І дзеці твае носяць старыя лахі. Твае абноскі». Чарнышэвіч.

•••

Лахі пад пахі — сабраць небагатыя пажыткі, узяць іх з сабой і пайсці. [Лабановіч:] — Не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся. Колас.

лахмані́на, ‑ы, ж.

Разм. Старая, паношаная адзежына. Ціток моўчкі хадзіў за [Параскай], глядзеў, што яна возьме, і час ад часу шпурляў ёй пад рукі якую-небудзь лахманіну. Лобан.

лахманы́, ‑оў; адз. лахман, ‑а, м.

Разм.

1. Старое, паношанае або падранае адзенне; лахмоцце. Жабрачыя лахманы. □ [Саша] адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Шамякін. Дзіравыя лахманы ледзь прыкрываюць худыя целы. Лынькоў.

2. Кавалкі, абрыўкі адзення, матэрыі. Полы кажушка канчаліся .. абтрэпанымі лахманамі, якія пры хадзе і пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. Колас. Вопратка на .. [палонных] была парванай, звісала лахманамі. М. Ткачоў. / Пра шматкі, абрыўкі дыму, туману, хмар і пад. Трубы густа дымілі, і брудныя лахманы дыму паўзлі па блакіце неба. Гамолка. Землі дрыжаць, лахманамі хмары падаюць глуха за небасхіл. Русецкі.