устурбава́насць, ‑і, ж.
Стан устурбаванага (у 2 знач.); непакой, усхваляванасць. Дзянісаў сеў за свой столік.. Ім валодала бурная энергія, творчая ўстурбаванасць. Гамолка.
устурбава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад устурбаваць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане трывогі; усхваляваны, устрывожаны. Міхал варочаўся дадому ўстурбаваны. Лужанін. // Які выражае трывогу, хваляванне. Перада мной мільганулі ўстурбаваныя вочы з чорнымі бровамі, і мне адразу здалося, што жанчына мне як бы знаёмая. Лупсякоў.
устурбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; зак.
Прыйсці ў стан непакою, хвалявання, трывогі. — Штосьці ўстурбаваўся я ўчора за свайго хлопца, — сказаў Раман Навумавіч. Кавалёў.
устурбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго.
Прывесці ў стан непакою, усхваляваць, устрывожыць. Сама па сабе спрэчка паміж хлопцамі і дзяўчатамі Іваненку не ўстурбавала: паспрачаюцца — памірацца. Хадкевіч.
устыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да устыць.
устыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узаткнуць.
усты́ць, устыну, устынеш, устыне; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Застыць, згусціцца пры астыванні. Халадзец устыў. // Зацвярдзець ад холаду. Зямля ўстыла — не ўкапаць.
2. Азябнуць, замерзнуць. Пакуль.. [Парамон] там з гусаком важдаўся ды пакуль, абвязаўшыся вяроўкаю, вылез, то так устыў, што і на гарачай печы не мог угрэцца. Лобан. // перан. Стаць нерухомым, замерці. Наш чалавек аж устыў там, дзе стаяў. Мурашка.
усука́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад усукаць.
усука́ць, усучу, усучаш, усуча; зак., што.
Пры дапамозе сукання ўвіць, укруціць. Усукаць шчаціну ў дратву.
усу́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. усукваць — усукаць.