буя́лы, ‑ая, ‑ае.
Пра расліну з занадта буйным націннем, зелянінай. На густым буялым мурагу гуляюць сонечныя зайчыкі. Каршукоў.
буя́н, ‑а, м.
Той, хто схільны буяніць; скандаліст. Яшчэ на рэпетыцыях Іван, гэты ўсяму інстытуту добра вядомы буян, калі трэба было цалавацца, чырванеў і адмаўляўся. Карпюк. Усё мяне здзіўляла. Жанчыны, не па-вясковаму баявыя і спрытныя на язык, мужчыны — маўклівыя ў працы і буяны, калі вып’юць. Асіпенка.
буя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Скандаліць, бушаваць; сваволіць. Вечарам п’яны Сідор зноў буяніў у хаце, зноў прыйшлося Алене плакаць, а Насця ціхенька сядзела на печы і баялася абазвацца. Чорны. Вецер у клёнах буяніў са свістам, Падала лісце на каляіны. Тарас.
буя́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. буяць.
буя́нства, ‑а, н.
Паводзіны, учынкі буяна; свавольства.
буя́ны, ‑ая, ‑ае.
Які буяніць, схільны да буянства. Гаспадар, у якога ён гасцяваў, не на жарт спалохаўся: ніколі той не бачыў свайго былога партызанскага камандзіра такім буяным. Хадкевіч.
буя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. Бурна расці; пышна красаваць. Ярына на полі буяла, высыпала. Чорны. [Ніну] ўразіла, што навокал гэтага спусташэння яркай вясковай зелянінаю, бела-ружовым цветам буялі дзе-нідзе ўцалелыя яблыні. Мележ. // перан. Жыць, красавацца. [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.
2. Расці ў націну (пра бульбу, памідоры і пад.), у салому (пра жыта, пшаніцу і пад.); разрастацца на шкоду плоданашэнню. Бульба ў агародзе буяе. □ Цяпер там [на балоце] буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. Унізе быў даволі глыбокі яр, у якім густа буялі вялікія і дробныя дрэвы. Мележ.
3. Буяніць, бушаваць. Калі на жоўтым полі буяюць вятры, калі навальніца цісне грудзі зямлі, тады жыта ламаецца, а ў пачуццях чалавека роспач. Каваль.
буя́чнік, ‑у, м.
Буяковыя кусты, буяковы зараснік. Часам у ніжэйшых мясцінах па кірзавых халявах ботаў глуха шоргаў каляным веццем буячнік, з якога зляталі на мох блакітныя кроплі ягад. Паслядовіч.